|
Летнік “Lubča nad Niomanam-2” адбыўся з 5 па 16 жніўня і з’явіўся непасрэдным працягам ліпеньскага архітэктурнага летніка МГА “БАСА”.
Падрыхтоўкай, арганізацыяй, каардынацыяй летніка заняліся ўжо які год запар сталыя ўдзельнікі ды каардынатары - Максім Назарчук, старшыня праўлення МГА “БАСА” Раман Забела, намеснік старшыні Каця Лапаціна, а таксама далучыліся і новая людзі – першакурсніца Кацярына Маслава, чалавек, для якога любчанскі летнік стаў першым арганізацыйным досведам мерапрыемстваў такога кшталту. Як тое і вядзецца, у замку сабраліся студэнты розных курсаў, у большасці сваёй з Мінска ды Берасця, а таксама тыя былыя навабранцы, хто палічыў незавершанай сваю місію ў першым летніку.
У летніку валанцёры працягнулі працу па выяўленні ды ўмацаванні старых падмуркаў ды аднаўленні замкавага мура, які злучае дзве вежы. Агулам за два летнікі было адноўлена 15,5 м (30 м3) сцяны, на якую пакладзеная гідраізаляцыя. Варта адзначыць, што для аднаўлення мура валанцёры выкарыстоўвалі цэглу са старога польскага млына, які знаходзіўся ў аварыйным стане і быў перададзены пад разборку. На гэта валанцёры аддалі тры дні і працавалі усім летнікам талакою. Хлопцы і дзяўчаты разам нарыхтавалі каля 40 т. цэглы – і ўсё гэта толькі пры дапамозе малатка і рук.  |
|
  Працу па нарыхтоўцы будаўнічых матэрыялаў - дрэва і цэглы - значна палегчылі школьнікі з Бабруйску, якія ў гэты самы час разам з настаўнікамі і кіраўнікамі дзіцяча-юнацкага цэнтру вандраванняў і краязнаўства “Бабраня” ладзілі вандроўку, прысвечаную памяці славутага мастака, кампазітара ды піяніста Напалеона Орды. На некалькі дзён група ўладкавалася ў рэгулярным парку XIX стагоддзя непасрэдна каля самога замка. У асноўным, хлапцы дапамагалі студэнтам у нарыхтоўцы дрэва. Вельмі прыемна тое, што гэта было іхняе добраахвотнае рашэнне і школьнікі самі прапанавалі на дапамогу. Вялікай мужнасцю адзначылася брыгада дзяўчат, што на працягу некалькіх дзён апрацоўвалі драўляную канструкцыю фахверка, якая была усталяваная цягам першага летніка. Гэта абараніла яе ад вільгаці, рознага кшталту шашаля ды надало дрэву прыемны цёмна-бранзовы колер. Нягледзячы на моцны пах распушчальнікаў (а мабыць менавіта дзякуючы яму), дзяўчаты знаходзіліся ў цудоўным настроі і два разы прафарбавалі ўсю канструкцыю. Натуральна, што менавіта гэтыя дні сталіся часам стварэння цудоўных легендаў і паданняў, якія абавязкова пачуюць удзельнікі наступных летнікаў!  |  |
Брыгадай студэнтаў праведзеная рэстаўрацыя сцяны Кутняе вежы, шляхам якой адноўлена 20 м2 пашкоджанае муроўкі. Гэта дало магчымасць працягнуць тынкоўку вежы ды канчаткова падрыхтаваць яе пад нанясенне колеру. Менавіта афарбоўцы Кутняе вежы і былі прысвечаныя апошнія некалькі дзён летніка. Вынік сумленна і якасна выкананае працы надаў аптымізму і замацаваў надзеі на паўстанне ўсяго замкава-палацавага комплексу нават тых людзей, хто дарэшты ня мог даць веры на аднаўленне і наданне новага жыцця старажытным мурам. Вежа наблізілася да свайго канчатковага выгляду, а гэта значыць, што падыходзіць да свайго завяршэння першы этап рэстаўрацыі замка, і хутка праца выйдзе на новы ўзровень. Як адзначыў кіраўнік Фонду Іван Антоныч Пячынскі, “…да гэтага мы ішлі на працягу сямі гадоў”. Іван Антонавіч выказаў валанцёрам шчырую падзяку ад усіх любчан, адзначыў што ў гэтым годзе зроблена працаў у тры разы больш, чым у мінулым годзе. Ен асобна подкрэсліў, што такое стала магчымым толькі дзякуючы таму, што чальцы БАСА Зміцер Савельеў, Раман Забела, а таксама Мікола Рудакоўскі з Любчанскага СПК сумесна с кіраўніком Фонда правялі папярэдне вялікую падрыхтоўчую працу, што дазволіла ўдзельнікам першых летнікаў выканаць значна большы аб'ём працаў, чым іх наступнікам |