~ На пачатак ~ Кантакты ~ Навіны ~
  • Бел
  • Рус
Першы летнік пад кіраўніцтвам БАСА 2011
Днямі скончыўся чарговы летнік Беларускай асацыяцыі студэнтаў- архітэктараў. Каб трапіць сюды на архітэктурным факультэце БНТУ быў сапраўдны конкурс (трэба было зрабіць што заўгодна па тэме “каардынаты”), а апынуўшыся тут, студэнты не толькі выдатна папрацавалі, але і сумелі стварыць свой свет, поўны розных забаў, прыемнага адпачынку і шчырых адносін. З 6 па 17 ліпеня ў Любчанскім замку па спісе налічвалася 30 валанцёраў-архітэктараў. Па выходных прыязджала яшчэ шмат іншых даўніх прыхільнікаў Любчы. Дзяжурныя не спраўляліся гатаваць ежу на такое валанцёрскае войска, некаторыя прыезджыя вырашалі жыць у палатках – агульная колькасць валанцерау дасягала 50 чалавек. І гэта спрыяла больш зладжанай і прадуктыўнай працы, а таксама весялейшым сумесным вечаровым і начным пасядзелкам – кожнаму было з кім сустракаць світанне…

Было зроблена шмат працы, кіраўнік Фонда Іван Антонавіч Пячынскі застаўся задаволены як ходам прац, так і іх якасцю. Не было тых, каго прыходзілася ўгаворваць ці прымушаць, – усе добраахвотна стараліся на карысць хутчэйшага ўзнаўлення замка. Валанцёры працавалі па восем гадзін на дзень , з двухгадзінным абедам, пад час якога яны паспявалі і падсілкавацца, і адпачыць, і пакупацца і сплавіцца па Нёмане.

Варта коратка ўзгадаць, што было зроблена. Нарыхтавана 6000 цаглін, паўднёва-заходні схіл спланаваны і выкананы на 30%, вяліся працы па забудоўцы сцяны. Тыдзень праводзіліся архітэктурныя раскопкі пад кіраўніцтвам Андрэя Анатольевіча Мяцельскага. У Кутняй вежы дзяўчаты ачышчалі ад вапны цэглу і даводзілі да ладу швы. Выконваліся працы па гідраізаляцыі вежы. Рабілася шмат па добраўпарадкаванню тэрыторыі.

Напрыканцы распавяду пра апошнія выходныя валанцёраў летніка БАСА. Тое, што купаліся, сплаўляліся па Нёмане, скакалі з разбегу ў ваду на крутым пясчаным беразе ракі – само сабой разумеецца. Субота – банны дзень дзяўчат (у хлопцаў для гэтага чацвер), таму ўсе яны адправіліся знаёміцца з мясцовай экзотыкай у выглядзе бані пасёлка Любча. А ўвечары з канцэртам нечакана завітаў гурт “Босае сонца”. Яго ўдзельнікі – самі былыя студэнты- архітэктары, таму выступаць, па іх словах, перад “сваімі”, ды яшчэ “ў такім месцы” ім было надзвычай прыемна. Пасля выступу музыкі не вытрымалі і таксама выкупаліся ў рацэ. А валанцёрская весялосць працягвалася ўсю ноч – вогнішча, спевы пад гітару, шмат хто застаўся сустракаць світанне. Нядзеля – законны выходны – была таксама прысвечана адпачынку. А на вечар смажыліся шашлыкі, дзяўчаты-дзяжурныя спяклі пяць яблычных пірагоў. На вуліцы быў падрыхтаваны адмысловы бар для крамбамбулі.

Многія валанцёры абяцалі прыехаць зноў. А наступны летнік, які арганізоўвае Дабрачынны фонд “Любчанскі замак”, пачнецца 4 жніўня. Кіраўніцтва Фонда заклапочана тым, што сярод людзей, якія падалі анкеты, мала тых, хто мае хоць невялікі вопыт кладкі цэглы, тынкавання (а гэта будзе адной з самых важных спраў будучага летніка). Таму валанцёры, якія могуць рабіць такую працу, будуць прымацца без конкурсу
Ніна Шчарбачэвіч

 

Навіны


 
 

viezha.jpg
viezha_new.jpg
 
 

Дабрачынны фонд "Любчанскі замак" © 2007 - Выкарыстанне матэрыялаў толькі з дазволу аўтараў сайта