|
|
|
|
|
Другі летнік у Любчы 2011 года, інтэрнацыянальны |
Мы правялі ў Любчанскім замку тры тыдні як валанцёры. І нешта змянілася ўнутры і вакол нас, і ўспрыманне
жыцця стала крыху іншым. Добраахвотная праца – не за грошы, не па прымусу – а таму, што ты сам жадаеш
гэтага, хочаш зрабіць свой унёсак у вялікую справу. Мы жылі ў замку і мінулае пачынала здавацца рэальным.
Мы клалі цэглу і разумелі, што дакранаемся да старажытных муроў, а ўдыхаючы пыл, адчувалі, што гэта пыл
самой гісторыі.
Другі летнік 2011 года, які праходзіў з 4 па 22 жніўня быў інтэрнацыянальным. Разам працавалі валанцёры з трох
краін – Беларусі, Польшчы і Латвіі. Замежнікі прыехалі па праекце Еўрапейскай валанцёрскай службы. Праграма
дазваляе маладым людзям ва ўзросце ад 18 да 30 год паехаць у іншую краіну, папрацаваць дзеля яе дабрабыту,
азнаёміцца з культурай і побытам. Таксама гэта дае магчымасць ўдасканаліць прафесійныя навыкі або проста
навучыцца лепш кантактаваць з рознымі людзьмі. З беларускага боку прыезд валанцёраў у Любчаснкі замак
арганізоўваў і праводзіў Моладзевы адукацыйны цэнтр “Фіяльта”.
Валанцёры, як і Іван Антонавіч Пячынскі – кіраўнік Дабрачыннага фонда Любчанскі замак – загарэліся ідэей
аднаўлення старажытнага мура. Таму амаль усе адразу ж уліліся ў агульны маленькі свет, дзе былі і распарадкі, і
абавязкі, і правілы. Кожны знайшоў тую працу, якая была яму даспадобы, і займаўся ёй большую частку летніка.
Валанцёры бутавалі і клалі сцяну, рабілі зандажы, нарыхтоўвалі цэглу, піламатэрыялы, рабілі гідраізаляцыю
фундамента Кутняй вежы, а таксама дапамаглі мясцоваму калгасу.
На выходных валанцёры падарожнічалі па Беларусі. Яны расказвалі, што, калі траплялі ў іншы замак, пачыналі
адчуваць гордасць за тое, што яны не проста турысты, што зрабілі асабісты ўнёсак у існаванне падобнага
архітэктурнага помніка.
Валанцёры кожнай краіны ладзілі сваю вечарыну, дзе расказвалі пра Радзіму, яе асаблівасці і традыцыі.
Па
агульнаму прызнанню, беларускі вечар атрымаўся найбольш феерычным. Напярэдадні днём была арганізавана
экскурсія ў Нясвіжскі замак. А ўвечары было падрыхтавана шмат смачных нацыянальных страў.
Пасля гэтага
беларусы расказалі гісторыю сваёй краіны, узгадалі пра горад кожнага прысутнага валанцёра, прыпраўляючы
ўсё гэта вясёлымі і дасціпнымі жартамі. На здзіўленне, вялікую цікавасць абудзіла разгадванне прыналежнасці
малюнкаў гербаў пэўным беларускім гарадам. Заданне мела добрыя падарункі, што яшчэ больш падагрэла
ажыятаж. Хлопцы, якія ўдзельнічалі, прызналіся, што, як вернуцца дадому, папрактыкуюцца ў геральдыцы.
Цвіком праграмы сталі нацыянальныя танцы – “Падыспань”, “Ойра-ойра”, “Маразуля”. Беларусы, загадзя
адрэпеціраваўшы, танчылі разам з замежнікамі, вучылі іх патрэбным рухам. Гэта выклікала вялікае захапленне
ўсіх удзельнікаў. Таксама была ўзгадана і народная беларуская гульня “Цяцерка”.
Кожны вечар збіраліся ля вогнішча. Душой пасядзелак пад зорным небам былі Мікола Рудакоўскі і Аляксей
Скок – беларускія валанцёры, якія вельмі адданыя Любчы і прыязджаюць сюды не адзін год. Яны ствараюць
на замку асаблівую атмасферу – такога няма нідзе, і гэта дакладна. Яны ведаюць процьму песень, навуковых
фактаў, цікавых гісторый. А калі патрэбна, хлопцы выдумваюць усё на хаду – і гэта заўсёды незвычайна і
дасціпна. “Шэрая панда”,“так трэба”, “гаў-гаў” – сакральны сэнс гэтых выслоўяў ведае кожны валанцёр і калі-
небудзь абавязкова ўзгадае з усмешкай і пойдзе шукаць аднадумцаў, якія былі ў Любчы, якія чулі гэта на свае
вушы.
Беларускія валанцёры прыязджаюць зноў і зноў, як толькі дазваляюць абставіны і з’яўлецца вольны час.
Замежныя сябры таксама абяцалі вярнуцца – хто праз 15 год, каб убачыць, якой стала іх Любча, якую яны
таксама стваралі, а хто наступным летам знойдзе час і зноў прыедзе ў замак. Бо такое не забываецца і не
праходзіць. Гэта не баўленне часу, не праца і не адпачынак – гэта становіцца часткай жыцця, без якой ужо
вельмі складана…
Ніна Шчарбачэвіч
|
|
|
|
|