З 2009 года ААТ “Прыёрбанк” рэгулярна аказвае спонсарскую дапамогу рэстаўрацыі на Любчанскім замку. Без яго падтрымкі работы вяліся б значна марудней. А ў мінулым 2010 годзе, дзякуючы банку, на замку было выканана больш працаў, чым за ўсе мінулыя гады, разам узятыя. Аднак ААТ “Прыёрбанк” спрыяе рэстаўрацыі не толькі грашыма. 29 кастрычніка 2011 супрацоўнікі банка арганізавалі суботнік у Любчанскім замку.
Работнікі ААТ “Прыёрбанк” прызналіся, што, калі яны даведаліся пра суботнік, многія з іх сумняваліся, ці варта праводзіць свае выходныя такім чынам – дома чакаюць сем’і, справы, дый проста хочацца адпачыць. Аднак ужо пасля таго як яны пабачылі з вакна аўтобуса любчанскія краявіды – усе сумневы зніклі ў нікуды.
Вось што гаворыць пра свой прыезд эканаміст Франц Ліс:
- Гэта нашмат лепш, чым проста адпачыць у выходныя дома. Тым больш, калі ёсць магчымасць пабыць на прыродзе. У гэтай простай будаўнічай рабоце, якой мы зараз займаемся, ёсць нешта высокароднае. Мы, працаўнікі банка, з цікавасцю сочым за тым, як адбываецца рэстаўрацыя на замку. На Беларусі ёсць шмат архітэктурных помнікаў, якімі мы павінны ганарыцца, аднак мне не падабаецца той стан, у якім яны знаходзяцца. Вельмі прыемна, што наша кіраўніцтва вырашыла аказваць падтрымку Фонду “Любчанскі замак”. Але толькі твой асабісты ўдзел дае зразумець значнасць гэтай справы. Я не архітэктар, аднак таксама хачу зрабіць нешта добрае, каб палепшыць сітуацыю. І мне асабіста прыемна зрабіць свой унёсак у аднаўленне гістарычнай спадчыны. Мае сябры вучацца на гістфаку, у мяне ж няма часу ўнікаць ва ўсе падрабязнасці мінулага. Аднак і на аматарскім узроўні гэта захапляе цябе.
Любча проста ашаламляе сваёй прыгажосцю – старажытныя муры замку, шаты велічных паркавых дрэваў, магутны Нёман, што цячэ побач… Быў бы час, я б застаўся на большы тэрмін. Гэта цяжка патлумачыць словамі… Пасля працы ў офісе тут пачынаеш глядзець на рэчы іншымі вачыма.

Разам з супрацоўнікамі ААТ “Прыёрбанк” завіталі і валанцёры Фонда “Любчанскі замак”, якія працуюць тут рэгулярна. Таксама прыехаў спецыяліст у галіне рэстаўрацыі, удзельнік распрацоўкі праекта аднаўлення замка, прафесар БНТУ Уладзімір Васільевіч Трацэўскі.

За суботнік паспелі зрабіць шмат працы. Маладыя архітэктары разам з Трацэўскім праводзілі дадатковыя даследванні замка, узгаднялі дэталі праекта рэстаўрацыі. Работнікі Прыёрбанка і іншыя валанцёры пачысцілі і пераклалі ў сухое месца стос дубовых дошак, габлявалі драўніну, што пойдзе на ўнутраную аддзелку Кутняй вежы, прыбралі і ўпарадкавалі тэрыторыю замка, пілавалі на тартаку лес. Таксама транспартавалі будаўнічыя матэрыялы (цэглу, дахоўку), прыбіралі будаўнічае смецце, насеклі дровы, неабходныя на зіму для ацяплення вежы, працягвалі працу па інвентарызацыі ліпавага парку вакол замка.
Супольная праца аб’яднала ўдзельнікаў рэстаўрацыі, і яны адчулі сябе адной сапраўднай камандай. Гэтаму спрыялі невялікія агульныя перапынкі на гарачую капусту і гарбату. Усе пагадзіліся, што гэты суботнік, канешне, не апошні, і добра было б прыехаць яшчэ са сваімі калегамі і нават сем’ямі.
Працы скончылі, калі было ўжо сцямнела, аднак настрой быў проста выдатны. На развітанне кіраўнік Фонду “Любчанскі замак” Іван Антонавіч Пячынскі падзякаваў за добрую працу ўсім удзельнікам суботніка, і асабліва супрацоўнікам ААТ “Прыёрбанк” – С.Сушкевіч , Ф.Ліс, А.Раманчук, Т.Амнуэль і С.Гульковіч.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
|