|
1 жніўня распачаўся летнік Беларускай асацыяцыі студэнтаў-архітэктараў (БАСА), якія ўжо 5-ы год прыязджаюць на летнюю практыку ў Любчу. Пад эгідай гэтай моладзевай арганізацыі у Любчы на пачатак летніку сабраліся 23 чалавекі зь Менску, Берасця й Горадні
1 жніўня распачаўся летнік Беларускай асацыяцыі студэнтаў-архітэктараў (БАСА), якія ўжо 5-ы год прыязджаюць на летнюю практыку ў Любчу. Пад эгідай гэтай моладзевай арганізацыі у Любчы сабраліся 23 чалавекі зь Менску, Берасця й Горадні, а на выходных іх колькасць яшчэ павялічылася за кошт запрошаных госьцяў летніка “Любча над Нёмнам”. Першы дзень быў прысвечаны знаёмству з гісторыяй Любчы, а таксама з асаблівасцямі кансэрвацыі і рэстаўрацыі Любчанскага замка, пра што былі прачытаныя адмысловыя лекцыі й праведзеная экскурсія. У той жа дзень распачаліся працы па ўпарадкаванні замкавых збудаванняў: дзяўчаты прыбралі верхнія паверхі Брамнай вежы, хлопцы заняліся ніжнім ярусам – павыносілі будаўнічае смецце й узяліся разбіваць напластаванн і цэменту савецкіх часоў, якія заміналі зрабіць нармальную падлогу й падыход да лесьвіцы ў Брамнай вежы. Адначасова завіравала праца на замкавых схілах, дзе пачалі абкошваць траву, вырубаць кустоўе й дрэўцы, якія псавалі агульны выгляд замчышча, і ўсё гэта зьбіраць у копны й вывозіць на сьметніцу. Тым часам частка студэнтаў занялася паркам: яны абразалі ніжнія галіны разрослых дрэваў. Своеасаблівай праверкай здольнасьцяў студэнтаў як рэстаўратараў стала праца па кансэрвацыі слупка замкавай брамы. У наступныя дні аб’ём працаў значна павялічыўся, таму каб пасьпець выканаць сваю частку працы, некаторым студэнтам даводзіцца ўздымацца а 5-ай ранку. Яны абкошваюць схілы, а пасьля іх падмянялі брыгады дзяўчат і хлопцаў, якія выразалі зарасці на самых цяжкадаступных месцах на схілах. У лік штодзённых працаў студэнтаў па ўпарадкаваньні замчышча зь першых дзён уваходзіць і прыборка за мясцовымі, якія пасля “культурнага” адпачынку на замку традыцыйна пакідалі пасьля сябе бутэлькі й сьмецце, а часам і адкрыта шкодзілі, скідаючы ў роў нарыхтаваны будаўнічы матэрыял. Ведаючы, што будаўнічага матэрыялу можа не хапіць для запланаваных рэстаўрацыйных працаў, студэнты загадзя парупіліся пра як мага больш эфэктыўнае выкарыстаньне таго, што засталося з мінулых гадоў: з ірвоў былі паднятыя скінутыя долу цэглы й каменне, а мінулагоднія рэшткі цэменту, якія ператварыліся было ў камякі, былі ашчадна расцертыя зноў у парашок, прыдатны для выкарыстаньня. Неўзабаве дайшлі рукі й да замкавых вежаў. На Кутняй вежы, каб надаць даху яшчэ большую трываласць і абароненасць у непагадзь, былі прапітаныя адпрацаванай алівай ніжнія дошкі. Цяпер драўлянаму накрыцьцю пад дахоўкай не страшная вільгаць і гнілізна. На Брамнай вежы распачалася самая цяжкая й небяспечная праца - перасціл рубэроіду. Амаль цэлы дзень заняло абуладжванне люка для выхаду на дах і наладжаванне страховак. Быў пастаўлены мэталёвы штыр, які не толькі дазволіў надзейна замацаваць страховачныя вяроўкі, але ў далейшым не дапусціць буслоў будавацца на вежы, бо, на жаль, адкіды іх жыцьцядзейнасьці таксама шкодзяць даху. У нядзелю – заўважым тут, што ўдзельнікі летніку працуюць без выходных, - хлопцы зь ліку студэнтаў-архітэктараў пад кіраўніцтвам І. А. Пячынскага пазьбівалі старыя, струхлелыя рэйкі, а затым выканалі найбольш цяжкі кавалак працы – выклалі самы ніжні шэраг рубэроіду, каб прыбіць які І.А. Пячынскаму даводзілася літаральна вісець на вяроўцы. Да серады, 8 жніўня, працы па перасцілцы рубэроіду маюць быць завершаныя. Але ня толькі высотныя працы даводзіцца выконваць удзельнікам летніка. Паміж вежамі закіпела іншая праца - пачалося раскрыццё, ачыстка й умацаванне мура, які ішоў ад Кутняй вежы да Брамнай. У тую ж нядзелю, 5 жніўня, студэнты пачалі выкладаць пераходны слой мура, які мусіў звязаць старую вапнавую й новую бэтонную рошчыны муроўкі.
  Частка працоўнага часу ў летніку адводзіцца на архітэктурную практыку. Студэнты працягваюць абмеры фальварка, прылежнага да замка, які пакуль не апісаны ані ў гістарычных, ані ў архітэктурных даследаваннях. У суботу адбыўся сэмінар, скіраваны на развіццё творчага патэнцыялу архітэктараў праз уменне змяняць сваё светаўспрыняцце. Ня гледзячы на вялікую занятасць і цяжкія працы, удзельнікі летніка знаходзяць час і на цікавы, змястоўны адпачынак. Штовечар ля вогнішча яны спяваюць пад гітару, гуляюць у традыцыйныя беларускія гульні, развучваюць сярэднявечныя й старабеларускія танцы пад акампанент сапраўднай дуды. У суботу яны наладзілі незвычайны канцэрт індастрыял-музыкі з выкарыстаннем незвычайных інструметаў: бонды, арматуры і іншых будаўнічых прыладаў. А ў нядзелю адбыўся карнавал. Летнік працягнецца да 10 жніўня. Не абыходзіцца пакуль без праблем, выкліканых недахопам фінансавых сродкаў у фонду "Любчанскі замак". Толькі ў панядзелак, 6 жніўня, атрымалася часова пазычыць бетонамешалку, бо дагэтуль даводзілася мяшаць бетон на мур уручную. Па-ранейшаму бракуе цэменту, а таксама рубероіду... |