~ В начало ~ Контакты ~ Новости ~
  • Бел
  • Рус
Ядвігін Ш. Лісты з Дарогі

<...>Я ўзяўся ўправа праз лес на Любчу. Апошняя гэта ўжо тут мая пераходка праз Ашмянскі павет. Спачатку ідзе нізіна; на ёй лісцясты лес: вольхі, асіны, бярозы, паміж імі зрэдзь дубы і клёны, але чым далей, тым зямля вышэйшая, і пачынаецца ўжо баравы лес, толькі то з таго, то з другога боку трапляюцца лагчыны — імшарыны; але ўскорасці ўсё гэта канчаецца, і перад маімі вачамі незмяраныя абшары раўніны, а там — удалі — на ўзгорку блішчаць, як зачарованыя, агромністыя белыя муры любчанскіх палацаў; ад іх, быццам доўгія пальцы, цягнуцца ўніз шнуры местачковых шэрых хат.

Любча, гэта ўжо ў Навагрудскім павеце — на тым беразе Нёмна (ён тут аддзяляе Віленскую ад Мінскай губерні). Не зважаючы на тое, што я сягоння адмахаў ужо чатыры мілі, усё падбаўляю дый падбаўляю ходу: хацелася яго скарэй угледзець. Вось Ён-Ён — Нёман наш! Стаю, гляджу і ва-чам сваім не веру. I не такі шырокі ён, і не такі глыбокі, а такі ціхі, спакойны, здаецца, быццам і не кратаецца ён, а толькі, калі, распрануўшыся, кінуўся я ў яго чыстыя воды, калі ступіў на яго мяккае дно, тады толькі спазнаў я, колькі ў гэтай злуднай2 пакоры крыецца страшэннай патайнай моцы! Не толькі плысці, ісці нават проці вады не было змогі. Доўга сядзеў я, задумаўшыся, над берагам Нёмана. Доўга ўслуховаўся я да дзіўных чароўных шэптаў яго берагом сваім... Аб чым ён шаптаў?? Ціха. Скажу вам. Я падслухаў гэтыя шэпты. Я зразумеў іх. Гэта Ён, Нёман наш, падшэптываў, вучыў... як павінны працаваць яго беларусы...

Любча (Навагрудскі пав. Мінск. губ.)

У Любчу трапіў я якраз на другі дзень пасля пажару, каторы бушаваў тут у чэрвені месяцы. Згарэла хат 50 і ўсе халодныя будыніны пры іх. Усяго шчасця, што агонь пачаўся, калі не спаў яшчэ народ, а то магло б пайсці з дымам усё мястэчка, бо хоць пажарная дружына і ёсць тут, але слабавата, і да яе мала нешта прылучаецца мя-шчан, асабліва нашых, — усё найбольш жыды. Страхоўкі возьмуць пагарэлыя ўсяго тысяч 17. Наогул, значыцца, на кожнага гаспадара прыйдзецца па паўчварта соткі, за гэтыя грошы цяперашнім часам не ўскрэснеш! Цяжка, праўда, плаціць вялікую страхоўку, а вялікая яна дзеля таго, што страховыя хаўрусы глядзяць на гэту справу не як на помач народу, а як на гандаль, на каторым стараюцца зарабіць што найбольшыя працэнты; але пакуль па нашых вёсках ды мястэчках будуць, як дагэтуль, будаваць страху пры страсе з пальнага матэрыялу, а абарона ад пажараў слабая або зусім яе няма, — дык прыходзіцца з апошняга плаціць, але страхавацца трэба на вышэйшыя грошы.

Трапіўшы ў Любчу, захацелася мне — ведама — глянуць зблізку на белыя агромністыя муры дворных палацаў і на тамтэйшыя парадкі. Заўсёды чалавек спадзяецца ў такіх вялікіх дварох угледзець што-колечы цікавае і карыснае для сябе: мо дрэўка фруктовае іначай вядзецца, мо кусцік які новы з ягадамі, мо будыніна на новы лад пастаўлена, чы прылады якія гаспадарскія нязнаныя заведзены. Падходжу да брамы, ажно ўжо і навіна ёсць: вісіць дошчка, а на ёй напісана: «Вход воспрещается». Здарылася мне, помню, некалісь то быць каля Маладэчны; бачыў я там на адной дворнай браме доўгую, шырокую дошку з такім надпісам: «Міласці просім!» Зразу знаць было, што там жыве і чалавек і наш брат-славянін, сэрца каторага для госця, як адчыненая брама... А тут бог іх ведае, што за людзі!

Прызнаюся, зразу адпала ў мяне ахвота да гэтых «браніраваных» палацаў, і я завярнуўся пацягацца па мястэчку, балазе якраз выпаў тарговы дзень і народу шмат сабралася. Памеж усіх сялян зразу кідаюцца ў вочы шчар-сунцы ў нацыянальных сваіх апратках: у мужчын белыя доўгія балахоны, падпяразаныя шырокім тканым або ласіным паясом, і саламяныя шырокія капелюшы сваёй работы. Кабеты ў самадзялковых спадніцах, белыя з вышыўкамі кашулі, гарсеты паверх; на галаве крамная хустачка, да рагоў каторай папрычапляны сваёй работы кутасікі; хустачка гэта ўкруг твару прыстае гладка, але на вярхочку самай галавы падкладаюць паперу, дык выглядае начыпурыўшыся; на шыі паначапляны пацеркі.
На рынку шмат рагатай скаціны і коней. Скаціна вельмі пекная; найбольш галяндэрскага і швыцкага, хоць і не зусім чыстага, заводу. Штуку на рублёў 60—80 знайсці не трудна. Коні складныя і не малыя, але на даражэйшыя цэны не было відаць. Казалі мне, што з вясны наводзяць сюды лепшых коней, але перакупшчыкі ўжо выпаласкалі іх за граніцу. У нас заўсёды так: чы лепшая жывёла, чы лепшае зерне — усё забяруць, пазвозяць, ды яшчэ за паўцаны, бо ніхто з нашых сялян праўдзівай цаны і не чуў, і не даведаўся, — а нам пакідаюць адны выбіркі, быццам мы чы не ўмеем працаваць добрай скацінай, чы з'есці сытнейшае мяса або спажыць лепшай мукі не патрапімо. Толькі мы з заграніцы нічога людскага не пажывімся, а калі што і прывязуць адтуль, дык дзяруць, ажно скура трашчыць.

Добра, што Любча мае хоць тую славу, што гадуе добрую скаціну і коней; праўда, славіцца яшчэ Любча і добрымі гулякамі ў карты — прэферанса... Мае Любча і крамаў шмат, асабліва аптэчных; чаму іх столькі тут набралася (бо ёсць і аптэка), каго яны лечаць чы калечаць? — гэта ўжо іх сакрэт. На іншых вуліцах мястэчка панатыканы высокія сухаватыя тычкі; хто можа не сплючы сніць, таму можа здавацца, што з іх будуць прысады... Дык усяго тут хапае, не хапае толькі вучылішч. Мястэчка вялікае, а школа тут усяго адна, дык вучанікоў набіваецца паўнюсенька. Скончыўшы гэтую школку, хлопцам няма куды дзецца, каб далей вучыцца, бо гарадскога вучылішча няма; ня-машака, ведама, ніякіх і прафесіянальных школ. У горад ехаць няма за што, дома аставацца няма пры чым, дык усе хоцькі-няхоцькі, пхнуцца ў Маладэчненскую вучыцельскую семінарыю, каб пасля душыцца разам з дзяцьмі ў нізкіх, цесных вясковых хатках, бо з будынкамі пад новыя школы не так-то скора ў нас рупяцца.

 

Новости


 
 

viezha.jpg
viezha-pierad.jpg
 
 

Дабрачынны фонд "Любчанскі замак" © 2007 - Выкарыстанне матэрыялаў толькі з дазволу аўтараў сайта