~ В начало ~ Контакты ~ Новости ~
  • Бел
  • Рус
Летнік БАСА - ліпень

 З 8 па 19 ліпеня прайшоў чарговы летнік моладзевага грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя студэнтаў-архітэктараў“ (МГА “БАСА”) “Lubča nad Niomanam-1”, які распачаў шэраг летніх студэнцкіх акцыяў па захаванні ды аднаўленні архітэктурнае спадчыны Беларусі ў розных кутках краіны.

 Гэтым разам у Любчы сабраліся больш за 30 чалавек з Мінска і Берасця і іншых мясцін. Большасць з іх склалі студэнты-архітэктары першага курса, якія раней аніколі не бралі ўдзел ў летніках такога кшталту. Менавіта таму найперш каардынатары акцыі правялі для навабранцаў гульню на знаёмства з мястэчкам, ягонай гісторыяй ды архітэктурай, а таксама зладзілі экскурсію па самой тэрыторыі замка ды наваколлі. Пасля распачалася непасрэдна праца на аб’екце – помніку архітэктуры XVI-XIX ст.ст.

Удзельнікі летніку БАСА ў ліпені 2009

 Працы пачаліся з усталявання ды ўмацавання ніжніх шэрагаў рыштавання, якое атачае Кутнюю вежу. Гэта дало магчымасць распачаць замену размарожаных цаглінаў у сцяне вежы ды зрабіць больш зручнай працу з адлівамі.
На працягу ўсяго летніка праходзіла нарыхтоўка адмысловага жвіру пад тынкоўку вежы. Праца ішла настолькі інтэнсіўна, што яе не вытрымлівалі спяцоўкі ды рыштунак, ў выніку чаго можна сказаць, што студэнты мянялі пальчаткі… як пальчаткі.
Паралельна ішла праца па падрыхтоўцы сценаў вежы да грунтоўкі. Пасля чаго яны былі пагрунтаваныя ды пашпатляваныя (агулам больш за 320 м2 сцяны).
Студэнты-архітэктары на чале з кіраўніком  Дабрачыннага фонду “Любчанскі замак” усталявалі на прыбудове да Кутняй вежы канструкцыю з прускага муру - драўляную каркасную сістэму, якая складаецца са злучаных паміж сабою стоек, бэлек і раскосаў, таксама вядомую як фахверк. Ва ўмовах дажджу і моцнага ветру ішла зборка часовага даху над усёй канструкцыяй.

Ліпенскія працы

 

Каркас фахверка
 

У самой Кутняй вежы ды на прыбудове была пакладзеная часовая падлога.

Акрамя таго нарэшце завершанае зграфіта на карнізе вежы. Гэта надае ёй акрамя існае гістарычнае ды горадабудаўнічае, яшчэ і мастацкую вартасць. Працы па ягоным аднаўленні цягнуліся роўна год.
Валанцёры-навабранцы паказалі сябе як старанныя і адказныя працаўнікі, што з радасцю адзначалі каардынатары.
Адметнасцю гэтага летніка сталі кулінарныя эксперыменты дзяжурных. Мала дзе давядзецца пабачыць “палявую” кухню, з якой у амаль экстрымальных абставінах выходзяць такія смачныя супы і надта ж пышныя аладкі. І ці жартачкі тое: наляпіць уласнымі рукамі 220 пяльменяў!

 

 Таццяна Бараўко, Раман Забела

 

Новости


 
 

viezha.jpg
viezha_new.jpg
 
 

Дабрачынны фонд "Любчанскі замак" © 2007 - Выкарыстанне матэрыялаў толькі з дазволу аўтараў сайта