~ В начало ~ Контакты ~ Новости ~
  • Бел
  • Рус
Лаўрышава

За 7 км ад Любчы раскінулася вёска Лаўрышава - месца ўзнікнення першага праваслаўнага манастыра Беларусі, звязанага з жыццём і дзейнасцю сына Міндоўга - Войшалка, які змяніў бацьку на чале Вялікага Княства Літоўскага

 

Паводле старабеларускіх летапісаў, сын Міндоўга Войшалк (у манастве Лаўрыш, Лаўр) заснаваў у 1260 г. на беразе Нёмна паміж Наваградкам і Літвой праваслаўны манастыр і на нейкі час застаўся там жыць. Даследчыкі мяркуюць, што адбылося гэта менавіта ў межах сучаснай вёскі Лаўрышава.

Хоць манахі, якія жывуць у цяперашнім Лаўрышаўскім манастыры, прытрымліваюцца іншай версіі заснавання манастыра. Паводле царкоўных паданняў і знакамітага Лаўрышаўскага Евангелля XIV ст., Лаўрышаў манастыр быў заснаваны каля 1225 г. прападобным Елісеем. І назву сваю манастыр атрымаў ад слова "лаўра", то бок першапачаткова ў ім будаваўся каменны храм (лаўра). Але і пры такім раскладзе, гісторыя манастара не абыходіцца без Войшалка: яго называюць паплечнікам Елісея Лаўрышаўскага, ён жыў пры манастыры, але не быў яго ігуменам. Лаўрышаўскі манастыр

Сёння ўжо цяжка вызначыць, дзе месціўся той, першасны манастыр ХІІІ ст. Вядома толькі, што знаходзіўся ён на правым беразе Нёмна і што побач з тым месцам пахаваныя мошчы прападобнага Елісея. Спробы ўзнавіць манастыр рабіліся і ў ХХ ст., і ў ХХІ. У 1913 г. у хваёвым гаі, пад Святой і Лысай горамі, на меркаваным месцы першага манастыра была пабудаваная драўляная царква, якая амаль адразу была разбураная падчас ваенных дзеянняў у Першую Сусветную вайну. Ад яе ацалелі толькі падмуркі й два крыжы. А да пахавання Елісея дадаліся магілы жаўнераў, нямецкіх і рускіх, загінулых у Першую Сусветную.

У 2003 г. на падмурках згарэлай царквы была ўзведзеная новая каменная. З яе наноў пачаў адраджацца Лаўрышаўскі манастыр. І сёння ў манастыры жыве некалькі манахаў, прыязджаюць паломнікі. Усе працы ў манастыры вядуцца іх сціплымі сіламі, таму калі Вам давядзецца завітаць у Лаўрышаўскі манастыр, не адмоўце ім у дапамозе.

Сама вёска Лаўрышава размешчаная на левым беразе Нёмна, з манастыром яе злучае драўляны развадны мост. У самой жа вёсцы ёсць яшчэ адзін праваслаўны храм - у гонар Успення Прасвятой Багародзіцы ( 1795 (1798)) г. Царква ў ЛаўрышаваПабудаваная царква была як уніяцкая.

Уніяты з'явіліся ў Лаўрышаве напрыканцы XVI ст. З 1615 тут дзейнічаў базыльянскі манастыр, з канца XVIII ст. - епархіяльная уніяцкая семінарыя з багатай бібліятэкай, з 1775 - зноў манастыр. З усяго манастырскага комплексу, які ўключаў царкву, кляштар, званіцу й мураваную бібліятэку, захавалася толькі царква.  Але і яна, па скасаванні манастыра ў 1836 г., была часткова перабудаваная праваслаўнымі. У 1996 г. каля царквы быў пастаўлены помнік прападобнаму Елісею Лаўрышаўскаму. 

 

Новости


 
 

viezha.jpg
viezha-pierad.jpg
 
 

Дабрачынны фонд "Любчанскі замак" © 2007 - Выкарыстанне матэрыялаў толькі з дазволу аўтараў сайта