~ В начало ~ Контакты ~ Новости ~
  • Бел
  • Рус
Паўстанне старога замка - Краязнаўчая газета № 7(24) ад 02.2004

Чым больш я мешкую на свеце , тым больш набліжаюся да думкі , што гісторыю кожнага пакалення , кожнага народу заўжды ствараюць пэўныя асобы . Узнікаюць і знікаюць краіны, прыходзяць ды сыходзяць цэрквы , паспольствы губляюць ды вяртаюць свае спаконвечныя найменні , і за кожнай падзеяй – намаганне волі нейкай асобы , альбо шэрагу асобаў.

Гэтак улетку 2003 г. любчанцы  ў асобе Івана Антонавіча Пячынскага, Генадзя Антонавіча Пячынскага і Мікалая Тодаравіча Пронькі разам узяліся за аднаўленне рэнесанснага помніка архітэктуры XVI-XIX стагоддзяў – Любецкага замка , што ў Наваградскім раёне, праз нейкі час да іх далучылася і асоба аўтара гэтых радкоў. Нашая арганізацыя - Беларуская Асацыяцыя Студэнтаў–Архітэктараў - правяла некалькі летнікаў у Любчы агульнай працягласцю больш за месяц. Працавалі таксама штовыходныя да першых зімовых маразоў , ад ранку  да вечару, і над аварыйнай вежай паўстаў прыгожы , са зломам , гатычны дах .

 - Ці мог быць над рэнесанснай вежай гатычны дах, - спытаецеся Вы? Безумоўна, так, бо прыход Рэнесансу у Вялікае Княства Літоўскае ( чытай - у Беларусь ) не адразу змяніў вельмі моцныя старыя традыцыі , што яскрава пацвярджае знаходка на Брамнай вежы замка ў Любчы мяшанай гатычна – рэнесанснай муроўкі .

Хутка ў вежах замка будзе змешчана экспазыцыя Любецкага музея , а ў сувязі з гэым не зашкодзіла б высветліць некалькі пытанняў аб гісторыі замка .

Першае пытанне – гэта распаўсюджаная памылка аб унікальным ветраніку , знойдзеным падчас рамонту Брамнае вежы замка. Ветранік змяшчае лічбу «1581» ( меркаваны год пабудовы замка ) і выяву магнацкага герба Яна Кішкі, закладальніка замка, аднак устойлівая традыцыя і нават аўтарытэтныя навукоўцы прыпісваюць гэты герб княжацкаму роду Радзівілаў . Давайце разбярэмся. Ветранік мае 4 малыя гербы : Дуброва ( падкова з крыжамі ), Трубы ( тры ражкі ),  Дрыя ( перавязь ), Вадвіч ( дзве рыбіны ). Адзін з чатырох гербаў заўжды есць родавым. Родавы герб Кішкаў – Дуброва , радавы герб Радзівіллаў – Трубы.  Усё на сваё месца ставіць дата 1581, бо Радзівілы атрымалі Любеч над Немнам ад Кішкаў толькі ў 1607 г. , да таго ж выява гербу на пячатцы Яна Кішкі цалкам супадае з гербам на ветраніку .   

Другое пытанне : ці была ў замку сыстэма бастыёнаў , распаўсюджаная на іншых фартэцыях таго ж часу? Таўшчыня мура паміж вежамі ўсяго 1.3 метра - на ёй гарматы не паставіш. З галоўнай вежы на паўдневы бок цэліла 4 гарматы , з другой вежы – 2. Мушкеты няшмат чаго вырашалі , адлегласць паміж вежамі 87 метраў! Пры гэтым замак вытрымаў аблогу маскоўскага войска Івана Жахлівага і казацкага войска Івана Залатарэнкі.

Я лічу вельмі верагодным , што замак мог мець другі , вонкавы шэраг бастыёнаў вакол ірва. На карысць гэтай гіпотэзы гавораць звесткі аб тым, што ў 1920-я гады побач з замкам пры закладцы парка, каб выраўняць пляцоўку пад яго і засыпаць роў, зрылі зямлю на процілеглым ад замка паўднева–заходнім валу, адначасова з слоем зямлі на самім замку. У выніку ўзровень ірва павысіўся на некалькі метраў.

Калі бастыёны існавалі, то, магчыма, мелі аналогію з бастыёнамі Геранёнскага замка. На карысць гэтага кажа аднолькавае размяшчэнне мураванага Кальвінскага збору ў Любечу ( 1589 ) , як і мураванага касцелу ў Гераненах ( 1529 ) – каля галоўнае брамы замка , што, на думку М. Ткачова , даследчыка абарончага дойлідства, мела стратэгічнае прызначэнне ў якасці дадатковага бастыёну і вагнявой кропкі .

Трэба таксама сказаць , што Любецкі замак , як любы другі, мае свайго прывіда: вось аднаго разу пад ноч мы сядзелі ў вежы за размовай і, калі гутарка зайшла аб гаспадарах замка , я прыгадаў адну непрыемную акалічнасць з біяграфіі Яна Кішкі. Не паспеў я рот закрыць , як з байніцы вырвала цэбрык з тканінай, што гэтую байніцў затыкаў, гулка ўпалі цагліны, якія прыціскалі цэбрык; пры гэтым ніякага скразняку не было. Потым , праз тыдзень , адзін наш хлопец начаваў у вежы дый на свае вочы бачыў прывід.

Андрэй Шулаеў, старшыня МГА “БАСА”

 

Новости


 
 

zamak-old.jpg
viezha_new.jpg
 
 

Дабрачынны фонд "Любчанскі замак" © 2007 - Выкарыстанне матэрыялаў толькі з дазволу аўтараў сайта