~ В начало ~ Контакты ~ Новости ~
  • Бел
  • Рус
Мікалай Набокаў

Мікалай Набокаў - яскравая постаць у гісторыі амерыканскай і еўрапейскай музыкі, аўтар музыкі вядомых балетаў і сімфоній, арганізатар сусьветных музычных фестываляў, генеральны сакратар музычнай секцыі ЮНЭСКА.

Нарадзіўся Мікалай Набокаў 17 красавіка 1903 г. у Любчы. Хоць Мікалай і належаў да знакамітага роду Набокавых і даводзіўся стрыечным братам знакамітаму Уладзіміру Набокаву, пісьменніку, але Набокавы мала ўдзельнічалі ў яго раннім выхаванні: бацька – Дзмітры Набокаў – пакінуў сям’ю і дзецьмі практычна не займаўся. Маці Мікалая - Лідзія Эдуардаўна Фальц-Фейн – выйшла замуж за Мікалая фон Пейкера і таму маленства Мікалай прабавіў паміж двума родавымі маёнткамі Пейкераў і фон Фейнаў – Пакроўскім (недалёка ад Баранавіч) і Любчай.  У маёнтку Пакроўскае Мікалай пачаў займацца музыкай - на старым раялі, які, паводле легенды, дабраславіў сам Чайкоўскі. Але менавіта Любча зробіцца для яго краем дзіцячых мараў, куды ён нязменна будзе вяртацца ўва успамінах, ужо  жывучы ў Амерыцы : “З маленства я чуў вакол сябе размовы пра дзівосныя вабноты Любчы, пра прасторны замак з старымі вежамі, абкружаны глыбокім ірвом, замак, які стаіць на прыгорку, амываным хвалямі Нёмна. <…> Маё ўяўленне ператварыла [Любчанскую] сядзібу ў дзівосны, невымоўна цудоўны сьвет.” У Любчы дзіцячы свет маленькага Набокава запалоніць музыка. Ён адчуе асалоду новых мелодый, не тых, якія яго прымушалі вывяргаць з фартэпіяна, а іншых – стыхійных, з’яднаных з прыродай і народнымі спевамі, якія даносіліся да яго з-за Нёмна праз вокны палаца ў Любчы.

Маленькага Набокава добра запомнілі некаторыя жыхары Любчы. Гэтак, Барыс Рагуля ўзгадвае, што "у дзяцінстве Набокаў увесь час спрабаваў збегчы са сваіх харомаў, каб пагуляць з намі [мясцовымі дзецьмі], але яго заўсёды вярталі назад і папракалі нянькі, якія не хацелі, каб яго ”запэцкалі” простыя людзі. Блакітнавокі, светлавалосы Набокаў быў добра выхаваным і вельмі прыязна да нас ставіўся. Ён заўсёды прасіў прабачэньня за тое, што не можа запрасіць мяне [ Барыса Рагулю] дадому, бо гэта парушыла б усталяваныя правілы. Ён часта таемна прыходзіў да нас, бо ў нас была вельмі ўтульная атмасфэра, што яму так падабалася…”

У Любчанскім замку Мікалай Набокаў жыў з 1908 па 1911г.., пакуль уся сям’я не пераехала ў Пецярбург, дзе ўслед за старэйшым братам Мікалай паступае ў Аляксандраўскі ліцэй. Але ён яшчэ не раз будзе вяртацца ў сядзібу сваёй маці: кожнае лета ён прыязджае з Пецярбурга ў Любчу на летнія вакацыі і так да І Сусветнай вайны, якая заспее сям’ю Набокавых-Пейкер якраз у Любчы.

Да гэтага часу Мікалай ужо паспее праявіць свой талент як кампазітара : ён  напіша колькіх хатніх п'есак, першая з якіх была стылізаваная пад усходнюю "Калыханку" і была прысвечаная маці.

З канца 1917 Мікалай гасцюе ў дзядзі, Фрыдрыха Эдуардавіча Фальц-Фейна, у Асканіі Нова. А ў красавіку ён разам з маці і братамі выпраўляецца ў эміграцыю.

За мяжой Мікалай навучаецца ў Штутгарцкай і Страсбурскай кансэрваторыях, а ў Бэрліне наведвае фартэп'янныя заняткі ў Ф.Бузоні. Пазьней ён перабіраецца ў Парыж, дзе сканчае Сарбону са ступеньню бакалаўра мастацтваў. На працягу шасьці год ён супрацоўнічае з Сяргеем Дзягілевым, для "Рускіх сэзонаў" якога ён напісаў балет-араторыю "Ода" па Ламаносаву, а таксама балет "Жыцьцё Афрадыты". Набокова ўжо тады ставілі ў адзін шэраг з Пракофьевым, Шастаковічам, Брыттэнам і Хіндэмітам.

Улетку 1933 Набокаў з жонкай выпраўляюцца ў Нью-Ёрк, дзе напачатку чытае лекцыі па жывапісе ў адной з мастацкіх студый. Але неўзабаве ў Амерыку прыбывае Рускі балет Монтэ-Карла і Мікалай Набокаў зноў вяртаецца да музыкі. Першай яго пастаноўкай стаў балет «Мірны саюз», для якога ён напісаў музыку. Амерыканскія гледачы прыхільна прымаюць творчасць Набокава. Ён піша балеты "Афрадыта", "Жыцьцё Палішынэля", "Марныя намаганні каханьня", "Апошняя кветка", "Біблейская сімфонія" і сімфонію "Малітва", элегію "Вяртанне Пушкіна" і кантату "Амерыка была надзеяй", араторыі, канцэрты і уверцюры, фартэпіянные п'есы, перакладае на голас з аркестрам вершы  Ахматавай і Пастэрнака.

 

 

Але кампазітарства было толькі часткай яго рознабаковых заняткаў. У 1943 ён пачынае ўдзельнічаць у грамадзкіх і палітычных акцыях. А з красавіка 1945 году служыць афіцэрам па культурных сувязях у амерыканскіх стратэгічных войсках.

Пазней Набокаў працуе як выкладчык музыкі, а таксама як мастацкі кіраўнік і прапагандыст сучаснай музычнай культуры: у 1952-м ён ачольвае "Парыскі фестываль XX стагоддзя", у 1954-м – музычны фестываль у Рыме, у 1961-м – у Токіё, з 1963 па 1968 – у Бэрліне, а таксама ў розныя годы ладзіць фэстывалі нэгрыцянскай культуры і фестываль "Усход сустракаецца з Захадам" у Японі, заты такі ж фэстываль – у Індыі, а ў Мадрасе - Фестываль музыкі Барока.

На працягу дзесяці год Набокаў быў генеральным сакратаром музычнай сэкцыі ЮНЭСКА ў Парыжы і адной з самых уплывовых асобаў у культуры сусветнага масштабу.

 

Новости


 
 

viezha.jpg
viezha_new.jpg
 
 

Дабрачынны фонд "Любчанскі замак" © 2007 - Выкарыстанне матэрыялаў толькі з дазволу аўтараў сайта