~ В начало ~ Контакты ~ Новости ~
  • Бел
  • Рус
Любчанскі замак як рэзідэнцыя Біржанскіх Радзівілаў.

Радзівілы Біржанскай лініі, князі на Біржах і Дубінках, валодалі да XVII ст. гарадамі, буйнымі мястэчкамі і маёнткамі ВКЛ, пераважна на тэрыторыі сённяшняй Беларусі і Літвы. Найбольшае значэнне ў гэтых уладаннях мелі рэзідэнцыі – рэпрэзэнтацыйныя сядзібы, якія былі адначасова месцам схаранення і канцэнтрацыі ўлады магнатаў. Рэзідэнцыі меліся служыць азнакай прэстыжу роду, абуджаючы здзіўленне і захапленне сваім знешнім выглядам, і сумяшчаць абарончыя, адміністрацыйныя і наўпрост жылыя функцыі.
Адной з такіх рэзідэнцый быў Любчанскі замак, што ў 1607 г. перайшоў у валоданне да прадстаўніка роду Біржанскіх Радзівілаў - Крыштофа Радзівіла (1585-1640), які атрымаў яго ў падарунак ад жонкі Ганны Кішкі.

На пачатку XVII ст. Любча мела статус мястэчка, дзякуючы атрыманаму ў 1590 г. на прашэнне Яна Кішкі Магдэбурскаму праву. І хоць  значных эканамічных поспехаў у развіцці Любча не дасягнула, яна ўсё ж зрабілася адным з найлепшых маёнткаў Кішкаў, дзякуючы пабудове тут арыянскага збора і мураванага замка. Любчанскі замак, завяршэнне першага этапу будаўніцтва якога датуецца найверагодней 1581 г., стаўся адной з першых прыватных пабудоваў такога размаху ў ВКЛ , для якога будаўнічы матэрыял «немалым коштам і з далечыні» прывозілі.
Паводле тыпу забудовы Любчанскі замак мае быць аднесены да ліку вясковых рэзідэнцый Радзівілаў. Але даследаванне гісторыі развіцця Любчанскага замка, а таксама рэлігійнага і культурнага жыцця мястэчка Любча ў святле дзейнасці Крыштофа і Багуслава Радзівілаў дазваляе сцвердзіць, што Любча ў XVII ст. з’яўлялася адной з галоўных рэзідэнцый Біржанскіх Радзівілаў, прынамсі культурным і рэлігійным цэнтрам іх уладанняў.
Крыштоф Радзівіл атрымаў у 1607 г. мястэчка Любча ў не надта прыглядным стане: замак быў часткова разбураны ў 1601 г. войскамі Астроскага, само мястэчка амаль не развівалася ў эканамічным плане, пункты першага Магдзбурскага прывілею былі забытыя альбо не выконваліся. Нягледзячы на тое, што галоўная рэзідэнцыя Біржанскіх Радзівілаў - Біржанскі замак - патрабавала яшчэ пільнай увагі і значных фінансавых укладанняў, бо працягвалася яе дабудова і абсталяванне, Крыштоф Радзівіл распачаў у Любчы маштабнае будаўніцтва.
Біржанскія Радзівілы мелі трывалыя сувязі з нямецкім дваром і заходняй Эўропай, таму для будаўніцтва часта запрашалі нямецкіх і нідэрландзкіх майстроў. Дзякуючы іх удзелу культурны ландшафт Любчы набыў некаторыя рысы, характэрныя для архітэктурнага краявіду Паўночна-Заходняй Эўропы. Гэтак, у Любчы паўсталі пабудовы ў характэрнай на той час для нямецкіх, а затым галандзкіх і паўночна-польскіх земляў тэхніцы - «прускі мур», альбо фахверк. У гэтай тэхніцы была выкананая прыбудова да кутняй вежы, верхняя частка мура паміж Брамнай і Кутняй вежай, гаспадарчыя пабудовы на замчышчы, а таксама званіца кальвінскага збора. Само мястэчка атрымала дадатковы комплекс умацаванняў - абарончыя брамы й вежы, пабудаваныя ў стылі фахверк і дзе-нідзе злучаныя парканам.
Што да Любчанскага замка, то верхнія ярусы яго вежаў, а на Брамнай вежы яшчэ і ніжні, упрыгожыла зграфіта - прадрапаныя на тынкоўцы чорна-белыя малюнкі і ўзоры, якія аддалена нагадваюць зграфіта на Гарадзенскім замку. Параднасць замкаваму комплексу надавалі гадзіннікі на Брамнай вежы й ветранікі з белай бляхі. У выніку замкавы комплекс набыў незвычайную каляровую гаму: патынкаваныя ў светлы колер вежы спалучаліся з чорнымі ўзорамі зграфіта і таксама чорнымі драўлянымі крыжамі фахверка.Замак
Знешне новая рэзідэнцыя Біржанскіх Радзівілаў атрымалася мала падобнай на папярэднія - напрыклад, Біржанскі замак быў збудаваны першапачаткова як замак італьянскага тыпу, - што было абумоўлена тым, што ў асноўных сваіх рысах замкавы комплекс у Любчы быў закладзены яшчэ за Кішкамі. Але ў тым, што датычыць знешняй і ўнутранай аздобы, можна прасачыць пераемнасць узораў і прыкладаў майстэрства тых майстроў, якія працавалі на іншых сядзібах Радзівілаў, бо пры ўмове належнай ацэнкі іх працы яны вандравалі ад адной рэзідэнцыі да другой. Гэтак, у Любчанскім замку матывы ўнутранага ўбранству перагукаліся з узорамі аздобы Віленскай рэзідэнцыі Біржанскіх Радзівілаў: у Любчанскім замку ў 1630 г. працаваў маляр Фердынанд які дагэтуль ствараў эмблематычныя фігуры для аздаблення Віленскага палаца .
Але асаблівую значнасць Любчанскаму замку надавалі не архітэктурныя прыўнясенні і працы запрошаных майстроў, а размешчаныя ў яго памяшканнях сымбалічныя для кожнага магнацкага роду скарбы: архівы юрыдычных дакументаў, непасрэдна скарбніца Радзівілаў і кабінет мастацтваў і дзівосаў (кунсткамера). За Крыштофам Радзівілам з Дубінкаў у Любчу былі перавезеныя прывілеі і помнікі права.
УЛюбчанскім замку доўгі час захоўваўся гэтак званы «скарбец горны» роду Радзівілаў - унікальная Радзівілаўская скарбніца, вядомая з апісання 1633 г., складзенага для Крыштофа II Радзівіла. У яе склад уваходзілі творы мастацтва, каштоўныя прадметы і родавыя памяткі Радзівілаў. Напрыклад, у калекцыі халоднай зброі, якая налічвала больш за 900 адзінак, захоўваліся шаблі Івана Жахлівага, Барыса Гадунова і турэцкага султана Асмана П, шаблі - падарункі Стэфана Баторага, фамільныя рэліквіі - шаблі Крыштофа Перуна і Мікалая Чорнага, трафеі з войнаў - напрыклад пад Хоцімам, а таксама адзнакі вайсковай улады, булавы і бунчукі, турэцкія штандары .
Частка Радзівілаўскай скарбніцы стала асновай унікальнага пратамузею - кабінету дзівосаў і мастацтваў - Любчанскай кунсткамеры, якая захоўвалася ў Любчанскім замку і толькі на пачатку вайны 1655 г. была часткова вывезеная Багуслзвам Радзівілам. Даследчыкі параўноўваюць Любчанскую кунсткамеру са зборамі баварскіх князёў і кунсткамерай Фрыдрыха Аранскага. У кунсткамеры захоўваўся збор карцінаў і скульптураў, як замежных (напрыклад, вядомага нямецкага мастака Лукаша Кранаха), так і мясцовых творцаў, нумізматычныя і археалагічныя калекцыі. У падборы мастацкіх палотнаў досыць выразна выявіліся палітычныя настроі князёў Радзівілаў: сярод іншых,   тут былі партрэты шведзкага манарха Густава П, ворага Кароны Польскай і хаўрусніка Радзівілаў. Важнай рысай кунсткамеры Радзівілаў, як і заходнеэўрапейскіх кунсткамер эпохі Рэнэсансу, была прысутнасць экзатычных рэчаў - прадметаў побыту, мастацтва й розных рэлігійных культаў краін Азіі, Афрыкі й Амэрыкі, якія везліся з галандскіх партоў: індыйскія бажкі,   адзенне індзейцаў, вырабы з слановай косткі, кітайскі посуд.    Рэдкія экзатычныя рэчы спалучаліся ў кунсткамеры з мастацкімі    творамі і прадметамі, якія выклікалі ўва ўладальнікаў калекцыі сентыментальныя пачуцці як памяткі пра продкаў і мінулыя вычыны (пасмяротныя маскі продкаў; харугвы, здабытыя ў баях;    карціны на гістарычную тэматыку; капялюш князя Крыштофа, прастрэлены ў баі пад Смаленскам). Калекцыя была вонкава бессістэмная, але разам з тым дазваляла цікавае прачытанне сямейнай хронікі Біржанскіх Радзівілаў: выявы антычных герояў  і рымскіх імпэратараў перамяжаліся партрэтамі эўрапейскіх  манархаў, і на гэтым тле Радзівілы паўставалі як роўныя з імі, як магутны род, за якім стаіць тысячагадовая гісторыя панавання. Гістарычны наратыў які ствараўся ўласнікамі любчанскай кунсткамеры, з сённяшняга гледзішча меў выразны міфалагічна-знакавы характар, але рэпрэзэнтаваўся ўласнікамі як праўдзівы, і таму мітычная птушка фенікс уваходзіла ў калекцыю нароўні з археалагічнымі і прыродазнаўчымі здабыткамі.
Апроч кунсткамеры, у Любчанскім замку нейкі час захоўвалася адна з найбагацейшых на той час бібліятэк-кнігазбор Крыштофа Радзівіла. Пра яе памер сведчыць той факт, што для перавозкі яе ў 1630 г. спатрэбілася больш за сорак вазоў. Што да характару, то апроч уласных ці атрыманых у спадчыну сямейных набыткаў, частку Радзівілаўскай бібліятэкі складалі кнігазборы, набытыя ў пратэстанцкіх святароў, напрыклад пастара Касцецкага (1622-1623), а таксама свецкія кнігазборы, найбуйнейшым з якіх была бібліятэка Саламона Рысінскага.
Увага да кніг у асяроддзі любчанскіх Радзівілаў была невыпадковай. Неўзабаве па атрыманні Любчы Крыштоф Радзівіл адчыніў пры зборы, які быў пабудаваны Янам Кішкам як арыянскі, а пасля пераасвечаны як кальвінскі, друкарню, планаваў таксама пабудаваць паперню. У Любчанскай друкарні пад кіраўніцтвам Пётры Бластуса Кміта, яго сына Яна і Яна Ланге выдавалася духоўная і свецкая літаратура, навуковыя і навучальныя выданні па гісторыі, геаграфіі, хіміі, астралогіі, ветэрынарыі, медыцыне. Сярод іх трэці на Беларусі нотны зборнік (Любчанскі канцыянал, 1618, 1621), першы медычны дапаможнік («Хатнія лекі, сабраныя з размаітых аўтараў», 1616), першы зборнік мясцовага фальклору з тлумачэннямі на латыні і з прыведзенымі паралелямі з нямецкай і італьянскай моваў («Польскія прыказкі» Саламона Рысінскага).

Катэхізм Рысінскі. Прыказкі Майстэрства выбару й выхавання коней

На некалькі дзесяцігоддзяў Любча ператварылася ў кнігавыдавецкі й мыслярскі цэнтар пратэстанцкага руху, абышоўшы па сваёй значнасці Вільню, дзе ў выніку Контрарэфзрм ацыі пазіцыі пратэстантаў вельмі аслаблі. Спрычынілася дзейнасць друкарні й да развіцця літаратуры й культуры эпохі Рэнэсансу. Сярод выдадзеных твораў значнае, і нават пераважнае месца займала свецкая літаратура, і ў гэтым сэнсе Любчанская друкарня аспрэчвала манаполію Кракава. Дзякуючы мэцэнацтву Біржанскіх Радзівілаў, пры двары Радзівілаў сфармавалася кола паэтаў і літаратараў, якія ахвотна супрацоўнічалі з Любчанскай друкарняй. Вось жа, у Любчы выдаваліся творы мяшчанскай літаратуры аўтарства Адама Ўладыславіюша, папулярныя біблійныя гісторыі ў пераказе Самюэля Доўгірда, прысвячэнні й эпітафіі вядомым асобам аўтарства як вядомых паэтаў, напрыклад Рысінскага, так і пачаткоўцаў - вучняў Слуцкай гімназіі, «Апафегматы» ў перакладзе Беняша Буднага, дапоўненыя ім творамі Бакача. 1621 г., дата выдання ў Любчы сумеснай эпітафіі на смерць Януша Радзівіла, лічыцца праўдзівым пачаткам літарацкіх асяродкаў не толькі пры двары Біржанскіх Радзівілаў, але і ў ВКЛ. Сярод Любчанскіх аўтараў былі Даніэль Набароўскі, Андрэас Лохіўса Скотус, Ян Рыбінскі і Беняш Будны, Саламон Рысінскі, Адам Уладыславіюш, Самюэль Доўгірд і інш.
Любчанская друкарня праіснавала да 1655 г. Яна была зачыненая ў звязку з Крывавым Патопам: на пачатку восені 1655 г, Любча была захоплена казакамі. Але доўгі час памятка пра яе заставалася не толькі ў выдадзеных кнігах, але і ў самой Любчы. Каля кальвінскага збора, які Біржанскія Радзівілы падтрымлівалі на працягу двух стагоддзяў, на могілках былі пахаваныя першы Любчанскі друкар - Пётра Бластус Кміта - і першы беларус, які назваўся беларусам, - Саламон Рысінскі, якому Крыштоф Радзівіл загадаў паставіць высокі мураваны слуп  з мармуровай шыльдай, а зверху насыпаць курган. Саламон Рысінскі стаўся адной з знакавых постацяў для Любчы і   Біржанскіх Радзівілаў. Ён быў не толькі прыдворным паэтам і даверанай асобай Крыштофа ІІ Радзівіла, але й выхавацелем яго сына Януша, адным з арганізатараў Слуцкай гімназіі.
Біржанскія Радзівілы, якія валодалі Любчай, былі кальвіністамі,  але рэлігійна талерантнымі: яны падтрымлівалі ў сваіх уладаннях арыянаў і праваслаўных. У друкарні ў Любчы выходзілі  выданні як каталіцкія, так і пратэстанцкія - кальвінісцкія й лютэранскія, а заснавальнік друкарні Кміт Пётра Бластус паходзіў  з арыянскага асяроддзя. Уладальнікі Любчы таксама заахвочвалі рэлігійную талеранцыю. Другая жонка Януша Радзівіла, кальвініста па веравызнанні, - Марыя Валошка,  пляменніца Кіеўскага праваслаўнага мітрапаліта Пётры Магілы, гаспадарыня земляў малдаўскіх, - у 1652 г. фундавала ў Любчы  праваслаўную царкву, а ў снежні 1654 г., падчас Патопу, дала прытулак у кальвінісцкай Любчы праваслаўным манашкам з Менску, дапамогшы ім набыць дом у мястэчку і знайсці працу як вышывальніцам. Сам Януш Рэдзівіл, кальвініст, пакінуў у тэстаменце наказ захоўваць у яго маёнтках «манастыры й цэрквы рэлігіі старарускай».
Прынцып талеранцыі быў парушаны толькі ў ХVШ ст., калі Любча, як і іншыя маёнткі Радзівілаў біржанскай лініі, па смерці Людвікі Караліны Радзівіл (1695), апошняй прадстаўніцы магутнага кальвінскага роду, перайшла ў спадчыну нямецкіх князёў Нойбургаў. У 1715 г. у Любчы з’явіўся першы з часоў Радзівілаў каталіцкі храм - касцёл і місійная станцыя езуітаў. Да гэтага часу, напрыклад, Януш Радзівіл забараняў езуітам адчыняць місіі ў сваіх маёнтках, мяркуючы, што гэта можа прывесці да рэлігійных канфліктаў. Такі канфлікт выбухнуў у Любчы ў 1730 г., калі быў наўмысна спалены пратэстанцкі збор. «Праўдзівая рэліцыя пра спаленне любецкага збору...», напісаная местачковым пастарам Якубам Рэнчынскім 21 жніўня 1730 г., сведчыць пра тое, што падчас пажару, калі пярун трапіў у гаспадарчыя пабудовы езуітаў, а пасля перакінуўся на будынкі пратзстантаў і пагражаў збору, людзі з езуіцкага двара не толькі не дапамаглі ратаваць забудовы эвангелікаў, а перашкаджалі пратэстантам і месцічам, якія да іх далучаліся. Збор згарэў, але на гэтым рэлігійнае супрацьстаянне езуітаў і пратэстантаў не скончылася. У 1731 г. ксяндзы з Наваградку і Сенна ўварваліся да Яна Воўк-Ланеўскага, у сядзібе якога адбываліся пратэстанцкія набажэнствы ў Любчы, вынеслі ўсе рэчы з імправізаванай капліцы і спалілі на беразе Нёману. Але, нягледзячы на ціск каталікоў і шматлікія судовыя разбіральніцтвы, пратэстанцкія пастары працягвалі служыць набажэнствы ў Любчы яшчэ да 1769 г. - у ацалелай плябані.
Біржанскія Радзівілы значна паспрыялі эканамічнаму развіццю самога мястэчка Любча: у 1644 г. сын Крыштофа -Януш Радзівіл атрымаў для Любчы новы прывілей на магдэбурскае права, а ў 1647 г. выдаў «Ардынацыю» з указаннямі адносна арганізацыі мескага жыцця.
Але амаль праз дзесяцігоддзе значэнне, якое надавалі Любчы Крыштоф, яго сыны і ўнукі, абярнулася на шкоду мястэчка: з асабістай непрыязі да Багуслава Радзівіла дарагабускі стараста Залескі прывёў у Любчў з Міра ў 1660 г. маскоўскія войскі й жы-хары мястэчка пачалі цярпець прыгнёт, як у «эгіпецкай няволі». Войскі занялі замак і ўчынілі там вялікі гвалт, абражаючы гонар Багуслава Радзівіла. Яшчэ перад Патопам з замку былі вывезеныя скарбы Радзівілаў, у тым ліку часткова і кунсткамэра. Пасля вайны Багуслаў Радзівіл спрабаваў аднавіць былую рэзідэнцыю, распачаўшы рамонг замку, але не паспеў яго завяршыць. У1695 г. род Біржанскіх Радзівілаў згас са смерцю Людвікі Караліны Радзівш, а разам з гэтым згасла і значэнне Любчы і Любчанскага замку. Шмат якія крыніцы, у тым ліку Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага, падаюць, што пасля наездаў казакаў мястэчка не аднавілася з руінаў, як і замак, які нібыта быў цалкам знішчаны. Гэтыя няслушныя звесткі, якія супярэчаць даным інвэнтароў другой паловы XVII ст., сталіся прычынай недастатковай увагі да Любчы з боку гісторыкаў культуры і даследчыкаў архітэктуры, перакананых, у прыватнасці, што Любчанскі замак спыніў сваё існаванне. Тым часам, у канцы XVII ст. у мястэчку існаваў і замак, прынамсі галоўныя яго вежы, і драўляны пратэстанцкі збор, на ўтрыманне якога завяшчала грошы Катарына Глебавічаўна Радзівіл (1674), а пасля ўносіла сродкі
Людвіка Караліна Радзівіл - дачка Багуслава - і Нойбургскія князі (да 1738).
Прыведзеныя факты сведчаць пра асаблівае значэнне Любчы ў сыстэме Радзівілаўскіх маёнткаў, асабліва ў першай палове XVII ст., калі ў Любчы існавала друкарня і літаратурны асяродак пры ёй, а таксама перахоўвалася каштоўная частка скарбаў і дзейнічала кунсткамера Біржанскіх Радзівілаў. Гэта дазваляе сцвердзіць, што Любчанскі замак на той час быў адной з галоўных рызідэнцый Біржанскіх Радзівілаў. Пры гэтым замак у Любчы выконваў не столькі абарончую і жыльлёвую функцыю, колькі рэпрэзентатыўную, выступаючы сымбалем магнацкага роду, месцам канцэнтрацыі яго ўлады і сімвалічнага капіталу, спосабам перадачы памяці пра сябе. Больш за тое, у XVII ст. Любча выступала як буйны асяродак культуры Рэфармацыі, якую ў значнай ступені падтрымлівалі Біржанскія Радзівілы, як значны асяродак кніжнай і мастацкай культуры. I толькі Трынаццацігадовая вайна перашкодзіла Любчы захаваць сваё значэнне.

 

Куц Наталля "Любча як рэзыдэнцыя Біржанскіх Радзівілаў"//"Европа : новое соседство 2008" : сб. науч. тр. / редкол. : Г.Я. Миненков (отв. ред.) [и др.]. – Вильнюс : ЕГУ, 2009. – сс. 17-25

 

 

Новости


 
 

zamak-old.jpg
viezha_new.jpg
 
 

Дабрачынны фонд "Любчанскі замак" © 2007 - Выкарыстанне матэрыялаў толькі з дазволу аўтараў сайта