~ На пачатак ~ Кантакты ~ Навіны ~
  • Бел
  • Рус
Княжацкі візіт у Любчанскі замак
- Хто гэта жанчына? – спытаў Іван Антонавіч Пячынскі ў любчан, што стаялі побач. Аднак княжна Марыя Святаполк-Мірская пачула гэта і паспяшалася нагадаць яму пра сваё знатнае паходжанне:
- Гэта жанчына?! Княжна, калі вы не супраць…
Такі дыялог у канцы жніўня можна было пачуць у Любчанскім замку. Сюды на фестываль памяці кампазітара Мікалая Набокава прыехалі нашчадкі князёў Святаполк-Мірскіх. Яны выправіліся ў гэту паездку, каб пабачыць свае былыя ўладанні і сустрэліся з любчанамі і валанцёрамі замка, якія ў тыя дні працавалі над узнаўленнем старажытных муроў. 
Адзін з апошніх дзён лета захоўваў рэштку цяпла і прадчуванне таго, што павінна здарыцца нешта важнае. Адрэстаўраваныя фасады Кутняй вежы вабілі сваёй сярэднявечнай прыгажосцю і ўвесь замак чакаў з’яўлення вялікіх гасцей.
Князі Святаполк-Мірскія былі ў роднасных сувязях з Набокавымі, якія апошнімі валодалі Любчанскім замкам. Сусветна знакаміты кампазітар Мікалай Набокаў (стрыечны брат “таго самага” пісьменніка Уладзіміра Набокава) быў адзіным з усяго рода Набокавых, хто нарадзіўся непасрэдна ў замку. Праз пэўны час ён стаў не толькі знакамітым кампазітарам, але і музычным крытыкам, выкладчыкам музыкі. У Парыжы ён напісаў балет “Ода” для знакамітых “Рускіх сезонаў” Сяргея Дзягілева. Знаходзячыся ў Ам ерыцы, стварыў балет "Union pacific”, які прынёс яму сусветную вядомасць.
Да канца дзён славуты кампазітар лічыў Беларусь, і ў прыватнасці Любчу, сваёй Радзіму. Пра гэта можна чытаць у яго кнізе-дзённіку, якая называецца “Багаж. Мемуары рускага касмапаліта”:
“Для мяне вяртанне ў Любчу стала існым вяртаннем дадому. Нават тады, ва ўзросце пяці з паловай год я падсвядома адчуваў, што гэты дом – мой па праву нараджэння… Зараз, па прашэсці 60 год, я з былой дакладнасцю памятаю, якім хваляваннем і захапленнем напоўніла мяне тое далёкае вяртанне ў родны дом у снежні 1908 года. Ніколі раней я не адчуваў сябе такім шчаслівым. Мне здавалася, што над галавой маёй вісіць цудоўны рог дабрабыту, што шчодра пралівае радасць і багацце”.
У сваіх мемуарах Мікалай Набокаў таксама ўзгадвае, як чуў у Любчы песні сялян, што ішлі працаваць на палі і нівы. Раніцай іх песні былі поўнымі радасці жыцця, натхнення, а вечарам яны спявалі зусім стамлёна і самотна. Існуе думка, што гэтыя матывы ляглі ў аснову яго першага твора – “Калыханкі”, якую ён прысвяціў сваёй маці.
Фестываль праходзіў па ініцыятыве нацыянальнай камісіі па справах ЮНЭСКА ў Беларусі і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь пры ўдзеле Дабрачыннага фонда “Любчанскі замак”. Уважыць памяць славутага кампазітара ў Любчу з Германіі прыехалі княжна Ірэна Антуанэта Станіслава Фуртвенглер ( народжаная Святаполк-Мірская), яе дачка Алівія з сябрам і ўнук Васіль. Ганаровай госцяй з Лондану стала княжна Марыя Святаполк-Мірская.
Канцэртную праграму выконваў ансамбль “Вытокі” Белдзяржфілармоніі. Яны ігралі ўрыўкі з твораў знакамітага кампазітара. На фестываль сабраліся амаль усе любчане. Многія прыйшлі з маленькімі дзецьмі і ўнукамі. Мясцовыя жыхары з захапленнем слухалі музыку, напісаную іх земляком, сталі ўзгадваць пра тое, як сям’я кожнага з іх звязана з Любчанскім замкам. Хтосьці заўважыў, што менавіта яго дзед разбіваў клумбу, якая і зараз заходзіцца ў цэнтры замкавай тэрыторыі, а раней тут быў яшчэ і фантан. Хацелася б падрабязней даведацца звесткі, вядомыя гэтаму чалавеку. Калі ён прачытае артыкул, няхай звернецца да Івана Антоныча ці некага з валанцёраў і распавядзе тое, што яму вядома.
Пасля канцэрта валанцёры з Іванам Антонавічам вырашылі паразмаўляць са знатнымі гасцямі, каб даведацца некаторыя дэталі, якія могуць аказацца важнымі для рэстаўрацыі. І князі з радасцю засталіся для гутаркі. Аказалася, Ірэна не памятае падрабязнасці, бо яна з’ехала з Любчы ў пяцігадовым узросце і не была тут ужо 72 гады. Яе дзіцячае ўспрыманне захавала толькі некаторыя яркія моманты і агульнае ўражанне. Затое яна магла распавесці шмат гісторый пра замак, чутых вечарамі, седзячы ў гасцёўні са сваімі роднымі ўжо ў Заходняй Еўропе.
Іван Пячынскі разам з валанцёрамі доўга паказвалі князям фатаздымкі, распавядалі пра замак. Тыя, у сваю чаргу, былі шчыра зацікаўлены. У канцы сустрэчы госці самі шмат распытвалі і расказвалі.
Прысутныя абмяняліся з князямі электроннымі адрасамі і іншымі каардынатамі. Развітваючыся, знатныя госці самі расцалавалі валанцёраў. Падыходзячы да мікрааўтобуса, Аляксей Скок галантна дапамог Ірэне, чым выклікаў усеагульнае захапленне. Князі і валанцёры засталіся кожны са сваімі прыемнымі ўражаннямі. А Любчанскі замак працягвае жыць сваім мінулым і сваім сапраўдным, прымаючы як былых уладальнікаў, так і новых людзей, што сталі невыпадковымі ў яго лёсе…
На радасць любчан і валанцёраў пасля доўгіх год рэстаўрацыі замак нарэшце адгарнуў новую культурна-асветніцкую старонку сваёй дзейнасці. Падобныя мерапрыемствы, трэба спадзявацца, стануць традыцыяй.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ  
 

Навіны


 
 

zamak-old.jpg
viezha_new.jpg
 
 

Дабрачынны фонд "Любчанскі замак" © 2007 - Выкарыстанне матэрыялаў толькі з дазволу аўтараў сайта