Гэта будзе цікава таму, хто ніколі не залазіў на сцены замкаў. Хто не адчуваў дух даўніны, пазіраючы з байніцы на шырокі роў. Хто не клаў чарапіцу на дах высокай сярэднявечнай вежы… Нам пашчасціла. Дзякуючы Дабрачыннаму фонду “Любчанскі замак”, разам з іншымі беларускімі і польскімі валанцёрамі, мы прымаем удзел у аднаўленні старажытных муроў у мястэчку Любча. Глядзіш, як плённа працуе Іван Антонавіч Пячынскі, як паважна ставіцца да кожнай цаглінкі… Яму неабыякава, што будзе з нашай архітэктурнай спадчынай. Заснавальнік дабрачыннага фонду, ён сабраў разам людзей апантаных, моладзь, захопленую гісторыяй, для якой словы “Беларусь”, “сярэднявечча”, “узаемадапамога” неад’емна звязаны. Працы ў замку хоць гаць гаці. Ужо ў першы дзень мы адчулі гэта на сваіх плячах, руках і нагах. Падымаемся на вяршыню вежы. Адольваем першы, другі, трэці, чацвёрты (!) лесвічны пралёт. Перадаём чарапіцу хлопцам-дахоўшчыкам і паўтараем маршрут зноў. А хадзіць трэба хутка: з-за Нёмана цягнуцца хмары, чутны грымоты. Такое надзвычайнае становішча яшчэ больш згуртоўвае валанцёраў. І ніхто не жаліцца. Нават бусел, што ўладкаваўся непадалёку, здавалася, падтрымоўвае будоўлю. Аднаўленне любчанскіх муроў вядзецца восьмы год. Да заканчэння яшчэ далёка. Усе юнакі і дзяўчаты разумеюць гэта і адчуваюць сваю неабходнасць. Кожны мае занятак: мяшаць бетон, класці цэглу, ачышчаць сцены, працаваць на даху... Паступова са старажытных фундаментаў аднаўляюцца муры. Кіруюць работамі Яўген Леанькоў, Зміцер Савельеў, Аляксей Скок і Мікола Рудакоўскі. Хлопцы дасведчаныя – умеюць самі і навучаць іншага. Згатаваць ежу амаль што на 30 чалавек – справа дзяжурных. Рондаль у два вядры якраз для гэтага падыходзіць. Пасля абеду – адпачынак. Мы, напрыклад, пераправіліся па Нёмане. Надзіманыя матрацы-караблі неслі нас па хвалях звілістай ракі. Здалёку бачна ўся веліч муроў Любчанскага замка. Было так добра, што нават не верылася. Закончыўся першы дзень сяброўскай вечарынай. Да паўночы гарэлі свечы, гучалі песні – беларускія і польскія, жарты і показкі... Мы глядзелі адно на аднаго, і ўсміхаліся шчаслівыя. ______________ Адміністратар: Дзякуй за навіны! Змясціла іх асобным артыкулам. Можа, яшчэ фоткі атрымаецца даслаць? |