|
Асноўныя дасягненні фонду Любчанскі замак за 2008 г
Цягам лета-восені 2008 г. у гісторыі аднаўленьня Любчанскага замка адбыўся чарговы этап, знакавы не толькі для самога замка, але і для гісторыі беларускай рэстаўрацыі : на Кутняй вежы было выкананае зграфіта – дэкаратыўны ўзор, выдрапаны на тынкоўцы. Як вядома, выкарыстаньне тэхнікі зграфіта зьяўляецца візітоўкай Італьянскага Рэнэсансу, адкуль і было прыўнесена ў Беларусь. Зграфіта знаходзілі і на сценах Ружанскага палаца, і Гарадзенскага Старога замка. Але толькі ў Любчы захавалася зграфіта на карнізах вежы, зазвычай менавіта карнізы найболей церпяць ад разбурэнняў. Натурныя даследаванні, якія праводзіліся на працягу 2007 – 2008 гг. дазволілі вызначыць ступень захаванасці зграфіта, малюнак узору, характар нанясення і зрабіць адпаведны шаблон для паўтарэння малюнка. Дзякуючы хімічных даследаванням, праведзеным хімікам-тэхнолагам Усоскай Л., і эксперыментальным досьледам кіраўніка фонду “Любчанскі замак” была вынайдзена формула тынковачнага раствору, найбольш прыдатнага для паўтарэння зграфіто на Кутняй вежы. Карніз Кутняй вежы не захаваўся, але, адноўлены ў 2004 г., ён паўтарае профіль Брамнай вежы, а таму было прынятае рашэнне, ухваленае і Міністэрствам культуры, паўтарыць на карнізе Кутняй вежы ўзор зграфіта Брамнай вежы.
Студэнты-архітэктары, сабраўшыся на летнік у Любчы, атрымалі заданне добраўпарадкаваць валы замчышча і, галоўнае, узвесці рыштаванні і падрыхтаваць Кутнюю вежу да тынкоўкі. У адпаведнасці з інструкцыяй, распрацаванай спадарыняй Усоскай, пад чыім кіраўніцтвам фонду прадпісана было праводзіць усе тынковачныя працы на замку, сцены Кутняй вежы былі ачышчаныя ад старых фарбаваных слаёў XIX ст і аслабленых фрагментаў ранейшай тынкоўкі.
Далей рэй пераняла брыгада прафесійных тынкоўшыкаў пад кіраўніцтвам Івана Стрыгі і пры непасрэдным удзеле кіраўніка фонду, Івана Пячынскага, якія патынкавалі карніз і самі сьцены Кутняй вежы.
І ўжо напрыканцы жніўня - верасні 2008 гг валанцёрамі і дырэктарам фонда "Любчанскі замак" была выкананая самая складаная частка працы - нанясенне на патынкаваны ў 2 колеры ( белы і чорны) карніз малюнка зграфіта. У выніку Любчанскі замак узбагаціўся яшчэ адным унікальным элементам, які робіць яго непаўторным і яшчэ больш каштоўным для гісторыі і сучаснасці беларускай культуры. Яшчэ адзін год давёў, што энтузіазм дабрачынных арганізацый і валанцёраў робіць магчымай самую складаную працу, як у плане фінансаў, так і ў плане выканання. |