~ На пачатак ~ Кантакты ~ Навіны ~
  • Бел
  • Рус
Справаздачны сход фонду

     18 красавіка 2008 адбыўся справаздачны сход фонду "Любчанскі замак".

    18 красавіка 2008 адбыўся справаздачны сход фонду "Любчанскі замак". Заслухаць справаздачу кіраўніка фонду Івана Пячынскага сабраліся чальцы праўлення і апякунскай рады фонду -  Міхал Плескачоў, Мікалай Пронька, Генадзь Пячынскі, Андрэй Шулаеў і Святлана Адамовіч , Уладзімер Красоўскі, Тамара Сярова, а таксама прадстаўнікі моладзевых арганізацый "БАСА" і "Гісторыка", арганізатары валанцёрскіх летнікаў на Любчанскім замку, - Зміцер Савельеў і Зміцер Рагачоў, студэнты і магістранты архітэктурнага факультэту БНТУ - Ганна Камадзіт, Алена Маісеенка, Андрэй Вярыга, Алеся Ярохава, Максім Назарчук, Аксана Шырэнка, Раман Забела, прафесар катэдры тэорыі і гісторыі архітэктуры БНТУ Уладзімер Трацэўскі, гісторыкі Алесь Жлутка, Андрэй Унучак, Здзіслаў Сіцька і журналістка радыё "Культура" Наталя Буландо.
    У сваёй справаздачы дырэктар фонду агучыў, якія працы былі выкананыя на Любчанскім замку ў 2007 г., які ўнёсак зрабілі валанцёры, колькі было атрымана і як была  засваеная дапамога фонду. Падрабязней са справаздачай фонду можна азнаёміцца на нашым сайце .
    Падчас сходу была асобна падкрэсленая неабходнасць наладжвання больш цесных стасункаў з мясцовымі ўладамі і Упраўленнем па ахове спадчыны Мінкультуры.
    Тамара Сярова, чалец Апякунскай рады, выступіла з прапановай наладзіць больш шчыльныя ўзаемаадносіны з кіраўніцтвам Наваградскага раёну дзеля паскарэння працы на замку.
    Святлана Адамовіч, чалец Апякунскай рады, прапанавала кіраўніцтву фонду падаць дакумэнты на атрыманне дзяржаўнай дапамогі для аднаўлення Любчанскага замка, каб Міністэрства Культуры было матэырыяльна зацікаўленна ў дзейнасці фонду. У адказ Іван Пячынскі зазначыў, што размова ўва Упраўленні па ахове спадчыны на гэты конт ужо вялася, але фонду растлумачылі, што з такімі просьбамі можа выступаць толькі ўласнік аб'екта, а такім з'яўляецца аддзел культуры Наваградскага РВК, пры гэтым неабходна распрацаваць каштарыс праекта, правесці іншыя мерапрыемствы, але самае галоўнае, што  дзяржаўнае фінансаванне можа быць атрымана толькі пры ўмове вылучэння сродкаў з мясцовага бюджэту у памеры не менш за 50 %, але пакуль гэтага няма. Да таго ж, як патлумалі ў МК, на Беларусі больш за 4 тысячы помнікаў, з іх першачарговымі для дзяржавы з'яўляюцца 10, затым яшчэ 30, але Любчанскі замак у іх лік пакуль не ўваходзіць, таму разлічваць на дзяржаўную дапамогу малаверагодна.
    Наступны выступоўца - Андрусь Шулаеў, архітэктар, магістрант БНТУ, засяродзіўся на навуковай працы, якая праводзіцца пад эгідай фонду. На дадзены момант у Любчы выяўлена каля 30 аб'ектаў, якія могуць быць унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Збіраецца матэрыял для распрацоўкі сур'ёзнага праекту гістарычнага цэнтру. Вядзецца актыўная праца ў замежных архівах, а таксама натурныя даследаванні па замку і гістарычным цэнтры Любчы. Як зазначыў Андрусь Шулаеў, больш ні па адным помніку ў  Беларусі ў такім аб'ёме даследчыя працы не вядуцца. Тыя ж геарадарныя даследаванні, зробленыя на замчышчы ў Любчы яшчэ ў 2006 г., праводзіліся ў Беларусі не болей, чым на 10 аб'ектах.
    У сваем выступе Андрусь Шулаеў выказаўся і па пытанні, пастаўленым на абмеркаванне дырэктарам фонду, а менавіта : ці працягваць супрацоўніцтва з МГА "Гісторыка", выступоўца выказаўся за пошук кампраміса. Яго падтрымалі і наступныя выступоўцы - Куц Наталя, Андрэй Унучак, якія акцэнтавалі ўвагу на тым, што летнікі ў Любчы з’яўляюцца школай духоўных вартасцяў для кожнага з іх удзельнікаў.
    Далейшая размова на справаздачным сходзе перайшла ў больш вузкапрафэсійнае рэчышча. Андрэй Вярыга, студэнт БНТУ, прадэманстраваў прысутным частку свайго дыпломнага праекту па рэстаўрацыі і прыстасаванні замка ў Любчы - віртуальную мадэль Любчанскага замка.
    Уладзімір Трацэўскі,  навуковы кіраўнік студэнцкіх праектаў  па Любчанскім замку, падзякаваў фонду, што студэнты-архітэктары маюць саму такую магчымасць працаваць на замкавым комплексе. Але асаблівую яго радасць выклікаў той факт, што фонд актыўна супрацоўнічае з прафесіяналамі ў галіне рэстаўрацыі, хоць такіх у Беларусі вельмі мала. Спадар Трацэўскі даў канкрэтныя прафесійныя парады фонду і адзначыў, што вельмі важна пашыраць супрацоўніцтва менавіта з спецыялістамі сваёй справы -  хімікамі-тэхнолагамі, высокакваліфікаванымі муралямі і г. д.
    Гісторык Алесь Жлутка ў сваю чаргу засяродзіўся на значэнні Любчы ў гісторыі часоў Міндоўга, альбо Міндава, як піша ён у сваёй кнізе "Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях". Паводле ягоных словаў, Любчу можна з упэўненасцю назваць рэзыдэнцыяй дамініканіна Віта, першага біскупа літоўскага, які жыў тут у сярэдзіне ХІІІ ст., а вось каб сцвярджаць, што Любча была таемнай сядзібай Міндавага не стае пакуль аргументаў. Алесь Жлутка перадаў у падарунак фонду каштоўныя матэрыялы - электронную копію першага Магдэбурскага права Любчы (1590).
    Чалец Апякунскай рады фонду Уладзімір Красоўскі звярнуў увагу прысутных, што  багатае гістарычнае мінулае Любчы даўно чакае сваех даследчыкаў і прапанаваў правесці ў Любчы на месцы старога кальвінскага збору раскопкі, а таксама зладзіць цягам бліжэйшых гадоў канферэнцыю па гісторыі Любчы. Уладзімір Красоўскі таксама, як і Уладзімір Трацэўскі, звярнуў увагу на неабходнасць прыцягнення да асобных прац на замку спецыялістаў, а таму звярнуўся да кіраўніцтва фонду і чальцоў апякунскай рады з заклікам актывізаваць высілкі па пошуку фінансавых сродкаў, якія б далі магчымасць запрашаць патрэбных спецыялістаў.
    Зміцер Рагачаў, старшыня МГА “Гісторыка”, адзначыў, што дзякуючы фонду "Любчанскі замак" і непасрэдна яго кіраўніку, Любча на сённяшні дзень - адзінае месца, дзе магчымая арганізацыя моладзевай валанцёрскай працы па аднаўленні помнікаў гісторыі і архітэктуры. Ен пагадзіўся, што пры правядзенні папярэдніх летнікаў былі дапушчаныя пэўныя хібы, але запэўніў прысутных, што ўсе пралікі прынятыя да ведама з тым, каб больш яны не паўтарыліся.
    Напрыканцы сходу адзінагалосна былі зацверджаныя справаздача дырэктара і  бухгалтэрскі баланс, а таксама прыняты план працаў на 2008 г.
    У заключным слове Іван Пячынскі падзякаваў усім удзельнікам і выказаў спадзяванне на далейшую плённую супрацу і актыўны ўдзел у аднаўленні Любчанскага замка, тым больш што сёлета ў Любчы чакаюцца вельмі цікавыя працы : дабудова прыбудовы ў стылі фахверк (прускі мур), узвядзенне абарончага муру паміж вежамі, тынкаванне Кутняй вежы і аздабленне малюнкам у тэхніцы зграфіта. З гэтай нагоды студэнты-архітэктары з БАСА спланавала ажно 2 летнікі – у ліпені і жніўні 2008 г.

 

Навіны


 
 

viezha.jpg
viezha_new.jpg
 
 

Дабрачынны фонд "Любчанскі замак" © 2007 - Выкарыстанне матэрыялаў толькі з дазволу аўтараў сайта