|
Афіцыйная справаздача фонду "Любчанскі замак" за 2009 г
У 2009 г. былі фондам "Любчанскі замак" былі выкананыя наступныя запланаваныя работы: На Кутняй вежы:
- быў правераны стан і зроблена частковая шпаклёўка ляпніны сграфіто; - было ашкуранае і загрунтаванае бескаляровым грунтам поле карнізу, на якім нанесены малюнак сграфіто; - было нанесенае сграфіто на байніцах, вокнах і дзвярных праёмах прыбудовы; - сцены вежы былі двойчы ашкураныя і прашпакляваныя зярністай шпаклёўкай, і пафарбаваныя дзвюма слаямі фарбы. - планавалася пачаць аднаўленне фахверкавай часткі прыбудовы. Аднак удалося зрабіць нашмат больш. Працы на прыбудове былі выкананыя на 80%. Так, былі цалкам вырабленыя ўсе дэталі драўлянай канструкцыі фахверку, а пасля гэтага яе заклалі цэглай. Засталіся тынковачныя работы, шпаклёўка, фарбоўка, накрыццё даху чарапіцай і сталярка; - замест часовых адліваў былі вырабленыя і ўсталяваныя пастаянныя адлівы з медзі. Гэтыя працы былі вельмі складанымі, так як мы не мелі вопыту яе выканання; - былі дэмантаваныя будаўнічыя рыштаванні, якія прастаялі 7 гадоў і ўжо не адпавядалі патрабаванням тэхнікі бяспекі;
На абарончай сцяне былі адноўленыя 27 пагонных метраў фундаменту паўднёва-заходняй абарончай сцяны. Пры гэтым было зроблена больш за 60 куб. метраў цэгла-бутавай кладкі. Агулам з пачатку прац (а фундамент і сцяна аднаўляліся толькі ў 2007 і 2009гг.,) было адноўлена 70% даўжыні фундаменту.
Былі выкананыя наступныя звышпланавыя работы: - была падрыхтаваная дакументацыя, згодна якой было праведзенае падключэнне на будаўнічую пляцоўку “Любчанскі замак” аўтаномнай трохфазнай электрычнай сеткі. Вядома, што з-за праблемаў з электраправодкай ад ВВК мы гублялі шмат часу; - было нанесенае зграфіто на двух уваходных праёмах прыбудовы; - былі атынкаваныя ўнутраная і знешняя часткі абарончай сцяны, а яе верхняя (гарызантальная) частка была пакрытая гідраізаляцыйным саставам; - былі ўсталяваныя часовыя вокны на другім узроўні і прыбудове Кутняй вежы; - быў падсыпаны пяском участак тэрыторыі каля Кутняй вежы і паверхні абарончага вала каля Брамнай вежы ў месцах, дзе зямля пад уздзеяннем розных фактараў ссунулася ў абарончы роў; - было загатавана каля 15000 цаглінаў старой вытворчасці, 20 куб. метраў бутавага пяску, 80 куб. метраў кладкавага пяску, з іх 10 куб. метраў былі прывезеныя з кар’еру на кані; - былі праведзеныя распілоўка, складзіраванне і часткова абчэсванне 40 куб. метраў лесу; - з мэтай больш эфектыўнага натуральнага прасушвання распілены лес (дошкі) быў паўторна перакладзены. Гэты лес прызначаецца для падлогі на адноўленым участку абарончай сцяны, а таксама для часовага даху абарончай сцяны. Гэты дах адначасова ахоўвае ад ападкаў дошкі і адноўленую частку сцяны; - працягваўся касметычны рамонт памяшканняў флігеля на другім паверсе, дзе жывуць валанцёры падчас прац; - працягваўся догляд за 350 сажанцамі ў Замкавым парку, пасаджанымі ў 2005 г. на месцах дрэваў, што загінулі; - працягваліся гістарычныя даследаванні Любчы і Замка; - пачаліся навуковыя даследаванні Брамнай вежы, падчас якіх былі вызначаныя этапы будаўніцтва вежы, быў знойдзены камін на другім узроўні, была даследаваная ўнутраная канструкцыя сцяны на трэцім узроўні і шмат іншага. - працягваліся працы па распрацоўцы канцэпцыі прыстасавання і рэстаўрацыі замка.
Засталіся невыкананымі наступныя запланаваныя працы: - земляныя працы. А менавіта – выраўноўванне абарончых валоў і падсыпка грунтам адкрытых участкаў арыгінальнага фундаменту паўднёва–заходняй абарончай сцяны. Гэтая праца замаруджваецца з-за таго, што Інстытут археалогіі НАН РБ настойвае на тым, што на замку павінны быць праведзеныя дадатковыя археалагічныя даследаванні. Інстытут лічыць, што папярэдніх даследаванняў 1983-1986 гг. недастаткова. (Хаця ў 1986 г., грунтуючыся на тых даследаваннях, Белпраектрэстаўрацыяй было прынятае рашэнне аб аднаўленні профіляў ірвоў, адпаведна, былі зробленыя чарцяжы КНІ (кніга 5, лист 3, чарцёж «Сячэнні»), і гэтыя чарцяжы былі зацверджаныя і ўвайшлі ў склад сучаснага праекту). І сёння, каб Інстытут пачаў раскопкі, патрэбны вельмі вялікія грошы. Так, адзін стандартны шурф 2 х 2 х2 м. зараз каштуе больш за 1.7 млн. рублёў. Каб вырашыць гэтае пытанне, нам неабходна знайсці каля 15-20 млн. рублёў. - абмежаванне ўезду транспарту на тэрыторыю замка. Мы самі знайшлі абмежавальны знак, звярталіся на гэты конт у адпаведныя ўстановы, усе ведаюць аб гэтай праблеме, аднак, пастанова Міністэрства культуры № 0106/797 ад 13.06. 2003 г. не выконваецца і па сёння. Актыўна ўдзельнічаюць ў правядзенні працаў і аказваюць дапамогу члены Кіраўніцтва фонду Пячынскі Г.А., Пронька Н.Ф., члены Апякунскай рады Гілеп У.А. ,Красоўскі В.И. Як і ў мінулым годзе, трэба асабліва адзначыць Савельева З. В. Адпаведна загаду распрацоўшчыка праекта, прафесара Аладова В.Н., ён сёлета ўзначаліў групу архітэктараў (6 чал.). Такое рашэнне было прынятае ў сувязі з недахопамі выканання сваіх абавязкаў былым архітэктарам. Трэба падкрэсліць настойлівасць Савельева З. В. да ўдасканалення сваіх ведаў не толькі тэарэтычна, але і на практыцы. Уявіце, што за вясну мы з ім удвох: усталявалі лагі і насцялілі чарнавую падлогу другога ўзроўню Кутняй вежы; зрабілі аналаг лесвіцы на другім узроўні; а потым у гэтым памяшканні вырабілі ўсе дэталі і сабралі драўляны каркас фахверку прыбудовы. Канечне, для яго гэта вялізная практычная школа, якая, мы лічым, неабходна кожнаму архітэктару. У гэтым годзе ён, можна сказаць, не «вылазіў» з Любчы. На дадзены момант Савельеў З. В. займаецца даследніцкай працай на Брамнай вежы. Сёлета, з улікам вопыту мінулых гадоў, мы вельмі адказна ставіліся да падрыхтоўкі і правядзення двух валанцёрскіх летнікаў МГА БАСА. З іх ліку трэба адзначыць Забела Р., Іванашку К, Лапаціну К. Таксама трэба сказаць самыя цёплыя словы падзякі асобным валанцёрам. Напрыклад, Палянскаму Аляксею Мікалаевічу з в. Новы Свержань. Яму 70 гадоў, хапае сваіх праблемаў, аднак ён знайшоў час і бескарысліва адпрацаваў на замку амаль 3 тыдні. У адзін шэраг можна паставіць Рудакоўскага Міколу, Леанькова Яўгена, Скока Аляксея, Хатомцава Глеба, Куц Наталлю без самаахвярнасці якіх нанясенне сграфіто на байніцах, аднаўленне сценаў вежы, закладка фахверку цэглай, выраб і ўсталяванне адліваў сёлета магло і не адбыцца. Усяго ў 2009 г. 98 валанцёраў адпрацавалі 255+810+236=1301 чал. дзён.
Для параўнання: па выніках справаздачаў за папярэднія гады на Замку было адпрацавана за 2003-2004 г.г. па 300х2= 600; за 2005 г.- 450; за 2006 г.- 1159; за 2007 г.- 840, за 2008г.- 910, за 2009г. 1301 чал. дзён. Такім чынам, за 7 гадоў добраахвотна адпрацавана больш за 5260 чал. дзён. У працах прынялі ўдзел і атрымалі ўрок духоўнага выхавання (540 чал. за 2003-2008 гг. +98 чал. за 2009 г.) больш за 638 валанцёраў.
У 2009 г. фондам атрыманая дабрачынная фінансавая дапамога на суму 30000 рублей, якую склалі ахвяраванні ад жыхара Навагрудка Савошчыка А.А. ( 30 000 рублёў) Атрыманая дабрачынная нефінінсавая дапамога на суму 14 823 454 рублёў ( з іх на 9 000 000 рублёў была ацэненая цэгла, загатаваная валанцёрамі, колькасцю каля 15 000 шт.)
У 2009 годзе было выканана працаў на суму 43 495 626 рублёў.
За справаздачны перыяд актывы Фонду павялічыліся на 58 398 060 рублёў, з якіх: - атрыманая дабрачынная фінансавая дапамога на суму 30000 рублёў; - атрыманая дабрачынная нефінінсавая дапамога на суму 14 823 454 рублёў; - выкананыя працы на суму 43 495 626 рублёў; - пазарэалізацыйныя даходы на рахунку Фонду на суму 48 980рублёў; Усяго ў 2009 г. засвоена 78 013 340 рублёў
|