~ На пачатак ~ Кантакты ~ Навіны ~
  • Бел
  • Рус
Пачаткі фонду

Гісторыя паўстання фонду "Любчанскі замак" - ад ініцыятыўнай групы да юрыдычнай асобы. Першыя крокі па кансервацыі Любчанскага замка (красавік - чэрвень 2003 г.)

Для адных любчанцаў замак - месца дзіцячых гульняў, для другіх - месца навучаньня (школа ці УПК), для некаторых месца адпачынку, часцяком не зусім нават культурнага. А для Івана Антонавіча Пячынскага, пасьля выхаду яго на пенсію, Любчанскі замак стаўся новым сэнсам жыцця. Пачэсным, але цяжкім абавязкам, які сам на сябе ўзваліў, хоць за плячыма і так былі суровыя годы службы ў войску, праблемы са здароўем... Нельга сказаць, што больш ніхто з любчанцаў ня думаў пра лёс замка. Думалі, размаўлялі між собку, але толькі Іван Антонавіч знайшоў сілы ператварыць гэтыя размовы ў жыцьцё.

25 красавіка 2003 г. у Любчы на ініцыятыву Івана Антонавіча Пячынскага збіраецца на сваё першае паседжанне ініцыятыўная група. На ім прысутнічаюць прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі й пасялковых установаў – Аляксандр Машчар, старшыня пасялковага савету, Анатоль Кулак, дырэктар калгасу "Прынёманскі", Валер  Сазановіч, старэйшы прараб калгасу Прынёманскі, Ігар Аляшкевіч, дырэктар УПК (які месціцца на замку), Міхал Карповіч, дырэктар Любчанскага музея, а таксама родныя і блізкія сябры Івана Антонавіча, якія падтрымалі яго ў гэтым пачынанні - Генадзь Пячынскі, ляснічы Любчанскага лясніцтва, Мікалай і Іван Пронькі, народныя майстры. З Менску здужаў прыехаць і Скрабец Мікалай Міхайлавіч, былы дырэктар завода "Лідсельмаш", таксама любчанец, які рабіў першыя спробы па аднаўленні Любчанскага замка ў сярэдзіне 80-х з мэтай ператварыць яго ў санаторый для працаўнікоў свайго завода.

Было прынятае рашэнне рэалізаваць ужо існы праект рэстаўрацыі Любчанскага замка, які распрацоўваўся ў 1983 г. А дзеля гэтага ўтварыць юрыдычную асобу - будучы фонд "Любчанскі замак, які б змог прыцягнуць грамадзкасць і спонсарскую дапамогу да ўдзелу ў праекце.

Літаральна праз тыдзень ініцыятыўная група зладзіла першы суботнік на Любчанскім замку. На жаль, з мясцовых жыхароў ніхто не праявіў асаблівай цікавасці да працаў на замку. Таму на другім паседжанні ініцыятыўнай групы было вырашана правесці перамовы з дзяржаўнымі структурамі аб накіраванні на замак валанцёраў. Але пакуль ішлі перамовы, высьветлілася, што бракуе галоўнага - праектнай дакумэнтацыі для рэстаўрацыі замка. Зьбіраць яе Івану Антонавічу давялося літаральна па старонках - нейкія дакументы знайшліся ўва УПК, нейкія - у музэі, нешта ў старшыні пасялковага савету, частка - у Менску, у былых распрацоўшчыкаў праекта і ў архіве Белрэстаўрацыі. Але і сабраная дакументацыя была амаль не прыдатная для выкарыстаньня - мінула амаль 20 год, і праект рэстаўрацыі трэба было пераглядаць наноў і ўносіць сур’ёзныя карэктывы.

Тымчасам, у саму магчымасць выратавання замка мала хто хацеў верыць. Каб азнаёміцца з ходам рэстаўрацыі на іншых замках, Іван Антонавіч Пячынскі выязджаў на аб'екты, дзе ўжо вялася рэстаўрацыя, у першую чаргу на Мірскі замак. Але нават замоўцы рэстаўрацыйных працаў, як да прыкладу, дырэктар Нацыянальнага Мастацкага музэя Пракапцоў, пачуўшы пра ініцыятыву ў Любчы, рэагавалі аднолькава: "Кінь дурное". Не надта верылі ў магчымасць адраджэння замка і ў Дэпартаменце па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, хоць і выдалі дазвол на правядзенне першачарговых супрацьаварыйных мераў. Намеснік старшыні Дэпартамента так ацаніў перспектывы замка: "Калі Вы [І. А. Пячынскі] паставіце дах над кутняй вежай, мы Вам помнік паставім". Задача па накрыцці вежы і насамрэч выглядала непад'ёмнай - ад вежы фактычна засталіся чатыры сцяны, верхняя яе частка абсыпалася, муроўка прыйшла ў аварыйны стан, узровень разбурэння скляпенняў паміж першым і другім паверхамі дасягнуў крытычнага ўзроўню... А дапамогі чакаць не было адкуль.

Валанцёры на замак напачатку не спяшаліся, ня гледзячы на звароты да моладзевых арганізацый ( “Беларускай асацыяцыі скаўтаў”, "Гісторыкі", якая ўсё ж далучыцца двума гадамі пазней) і ТБМ. Таму першыя месяцы працы  на замку вяліся сіламі вузкага колу паплечнікаў Івана Антонавіча - брата Генадзя Пячынскага і яго сяброў Івана і Міколы Пронькаў. Мясцовыя жыхары таксама не бачылі сэнсу задарма, дзеля нейкай ідэі, займацца занядбаным замкам. Да ініцыятывы на кароткі час далучаліся асабістыя знаёмыя ініцыятараў і беспрацоўныя любчанцы, якія спадзяваліся, што ў хуткім часе замак зможа стаць для іх месцам працы.

Пошук спонсараў таксама не даваў чаканых вынікаў, бо перспектывы ў замка на той момант былі непрыглядныя – дзьве напаўразбураныя вежы без гаспадара. Дапамога паступала толькі ад Міністэрства Абароны, якое у адказ на зварот І. А, Пячынскага, перадала для ўладкавання будучых валанцёраў ложкі, сталы і тумбачкі. Калгас "Прынёманскі" і Любчанскае лясніцтва дапамагалі з нарыхтоўкай матэрыялаў.

Толькі ў чэрвені на Любчанскім замку з'яўляюцца валанцёры, першы сярод іх - Андрусь Шулаеў, старшыня Беларускай асацыяцыі студэнтаў-архітэктараў, які праз месяц арганізуе першы валанцёрскі летнік на замку. Архітэктурны факультэт падтрымае энтузіязм Івана Антановіча і сваіх студэнтаў, і рэстаўрацыя на замку набудзе рэальныя абрысы.

 

Навіны


 
 

zamak-old.jpg
viezha-pierad.jpg
 
 

Дабрачынны фонд "Любчанскі замак" © 2007 - Выкарыстанне матэрыялаў толькі з дазволу аўтараў сайта