|
Як будзеце наведываць Любчу, абавязкова завітайце ў Любчанскі народны музэй, які месціцца ў мясцовай школе. Заснаваны музэй быў яшчэ ў 1964 г. настаўнікам гісторыі Мікалаем Андрэевічам Вінарам. З цягам часу Любчанскі музэй зрабіўся адным з найбуйнейшых школьных музэяў Гарадзеншчыны.
Музэй налічвае некалькі заляў : аддзел прыроды, аддзел даўніны, аддзел феадалізму, аддзел Вялікай Айчыннай вайны, аддзел сацыялістычнага руху й адмысловы аддзел дасягненняў Любчанскіх выпускнікоў. Толькі ў музэі можна пабачыць макет замка ў Любчы, распрацаваны рэстаўратарамі ў 80-я гг. Побач захоўваецца той самы ўнікальны флюгер Любчанскага замка – адзіны знойдзены на Беларусі з геральдычным узорам. Не менш цікавыя і астатнія экспанаты : калекцыя зброі часоў ВКЛ, этнаграфічныя прадметы, старонкі кніг, выдадзеныя ў Любчанскай друкарні ў XVII ст, а таксама рэчы савецкай эпохі і сучасных народных майстроў, мастакоў і скульптараў. |