~ На пачатак ~ Кантакты ~ Навіны ~
  • Бел
  • Рус
Любчанскі замак

Любчанскі замак з поўным правам можна назваць унікальным. Пабудаваны на мяжы готыкі і рэнэсансу, ён увабраў у сябе рысы абодвух гэтых архітэктурных стыляў. Для Беларусі, дзе захавалася вобмаль помнікаў готыкі, гэта вельмі каштоўны прыклад.

Любчанскі замак, у адрозненне ад усіх астатніх замкаў Беларусі, амаль не перабудоўваўся. І па ацалелых дзьвюх вежах можна скласці досыць слушнае ўяўленне пра тое, як выглядаў замак ад пачатку свайго будаўніцтва ў канцы XVI ст. А заадно акінуць вокам жывую карціну развіцця замка - ад XVI да XXІ стст. - дзякуючы розначасовым пабудовам, якія да сёння захаваліся на замчышчы, і тыя часткам замка, якія аднаўляюцца ўжо ў ХХІ ст. Самым старым зь іх – двум вежам  XVI ст зноў вяртаецца былая веліч і сымбаль гісторыі замка – адноўлены флюгер з надпісам 1581 – годам паўстання замка. Апрача вежаў на замчышчы захаваліся афіцына канца ХІХ ст і палац - пачатку ХХ, які хавае пад сабой скляпенні самага першага палаца (XVI ст) ў Любчанскім замку.

Любчанскі замак вельмі выгодны размешчаны: ён узвышаецца па-над самым Нёмнам. І хоць сёння замест пад'ёмнага мосту да замка вядзе насып, ірвы вакол Любчанскага замка па-ранейшаму глыбокія і дазваляюць з лёгкасцю ўявіць, у якую непрыступную цвярдыню ператвараўся замак, калі вакол яго пускалі воды Нёмана.

Некалі з боку мястэчка Любчанскі замак, як некалі Геранёнскі, прыкрываў дадатковы шчыт - пратэстанцкі храм, які быў у XVI ст. пабудаваны зусім побач з замкам, і апроч духоўнага меў яшчэ і абарончае значэнне. Можа менавіта таму замку ўдалося вытрымаць некалькі аблогаў казакаў. Сведкам слаўнага мінулага Любчы былі каштоўныя экспанаты Радзівілаўскай Кунсткамэры ў Любчы - аднаго з першых музеяў Беларусі, дзе захоўвалася шабля Івана Жахлівага і татарскіх ханаў, які спрабавалі узяць Любчу, але няўдала.

Асаблівую цікавасць надавала замку незвычайная каляровая гама - патынкаваныя ў белы колер вежы з чорнымі "графіто" - цёмнымі роспісамі вакол байніц, вокнаў і брамаў замка. Чорна-белы кантраст яшчэ больш падкрэслівалі элементы пабудоваў - ганкі, галерэя на супрацьлеглым ад Нёмана муры і прыбудова да кутняй вежы, выкананыя ў тэхніцы "фахверк", вядомай нам найчасцей па нямецкім і швэйцарскім краявідам, - чорныя драўляныя крыжы на белым цагляным тле сцені. І хоць рэшткі фахверка на замку не захаваліся, але яго ўзнаўленне, паводле гістарычных крыніцаў, можа зрабіцца магчымым у самы бліжэйшы час.

Калі Вы дапаможаце замку. Бо Любчанскі замак - адзіны на Беларусі замак, які ўзнаўляецца грамадзкімі сіламі, не па загаду зверху, а з прыватнай ініцыятывы аднаго чалавека, да якога далучыліся і далучаюцца валанцёры з усёй краіны.
Аднаўленне замка ператварылася ў школу рэстаўрацыі, гісторыі, і проста ў школу жыцця для многіх добраахвотных памочнікаў, якія збіраюцца на Любчанскім замку пад эгідай мясцовага дабрачыннага фонду "Любчанскі замак". Дзякуючы бескарыслівай працы прафэсараў і студэнтаў распрацоўваюцца праекты аднаўлення замка. На ахвяраванні розных арганізацый і прыватных асоб гэтыя праекты забяспечваюцца неабходнымі матэрыяламі. А высілкамі валанцёраў на замку адбываюцца будаўнічыя працы - аднаўленне замка ператвараецца ў жыццё.

 

Навіны


 
 

zamak-old.jpg
viezha-pierad.jpg
 
 

Дабрачынны фонд "Любчанскі замак" © 2007 - Выкарыстанне матэрыялаў толькі з дазволу аўтараў сайта